Аляксандр Класкоўскі: Мусім канстатаваць, што апазіцыя ўперлася ў моцную сцяну  



Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета даюць справаздачы перад Каардынацыйнай Радай. Троху ёсць там скандалаў. Павел Латушка паехаў у Кіеў, а прадстаўнікі КР абразіліся на яго. Але ён нібыта мае выступаць сёння.

Абмяркуе гэта з палітычным аналітыкам Аляксандрам Класкоўскім.

РР: Якія вашыя ўражанні ад справаздачы, навошта гэта?

Аляксандр Класкоўскі: Уражанні супярэчлівыя. Таму што, з аднаго боку, гэта зацягнулася, яшчэ паўгода таму было абяцана правесці гэтыя слуханні. Леташняя была канферэнцыя, калі Ціханоўская сказала, што праз паўгода будзе справаздача перад Радай. Але і рэформа самой Рады зацягнулася, потым у часткі палітызаванай публікі ўзнікае пытанне, а хто ўсе гэтыя людзі? Таму што сапраўды нейкіх выбараў агульнанародных не было і іх немагчыма ў сённяшняй палітычнай сітуацыі зладзіць. Але гэта пабочныя пытанні. А па сутнасці галоўнае пытанне – што могуць гэтыя ўмоўныя міністры Ціханоўскай? Па вялікім рахунку праблема ў тым, што ўвогуле гэтыя штабы палітычнай эміграцыі – іх так даводзіцца называць, таму што ўнутры Беларусі палітычная актыўнасць здушана – то што гэтыя структуры ў прынцыпе могуць? Мы бачым, што Лукашэнка зацэментаваў сітуацыю ў краіне, грамадства паралізаванае страхам, і расейская падтрымка – адзін з такіх чыннікаў, які ўяўляецца сёння ледзь не фатальным для лёсу перамен. І калі ў гэтым кантэксце разглядаць справаздачы, то сітуацыя выглядае даволі сумна. Бо можна нейкага замяніць. Напэўна, найболей будзе пытанняў да спадара Азарава – былога кіраўніка аб’яднання BYPOL, якое раскалолася. Ён таксама з’ехаў з Латушкам у Кіеў. І ці было гэта выпадкова – вялікае пытанне. Напрыклад, заменяць гэтага Азарава. Але ў прынцыпе ні Азараў, ні той жа Сахашчык, умоўны міністр абароны, не могуць сёння неяк рэальна ўздзейнічаць на сітуацыю ў Беларусі. І Сахашчык, пры тым, што гэта чалавек, у асабістай смеласці якога няма сумневу, ён і роту стварыў ва Украіне і ваюе сам, але ён таксама кажа, што сцэнар сілавой змены ўлады ў Беларусі сёння ўтапічны, нерэальны. Таму мусім мы канстатаваць, што гэта апазіцыя ўперлася ў моцную сцяну.  

РР: Нейкія ж вынікі ёсць працы АПК, калі так доўга яны гэтыя вынікі прадстаўляюць. Ці гэта ўсё “вада”?

Аляксандр Класкоўскі: Я б так не сказаў. Усё ж такі сапраўды ёсць шанец адбудаваць нейкую мадэль падзелу ўлады. Як гэта мусіць быць у будучай Беларусі. Таму што з 90-х гадоў няма сапраўднага парламента з часоў Вярхоўнага Савету. Тут мы бачым спробы адбудаваць нейкі протапарламент. Ці атрымаецца, ці не – іншае пытанне. Але хай спрабуюць. І тое, што не даюць забранзавець Ціханоўскай, яе атачэнню, гэта таксама някепска. Таму ёсць і станоўчыя бакі ў гэтых працэсах. І я думаю, што гэта адаб’ецца на дыскусіях падчас канферэнцыі “Новая Беларусь 2023”, якая мае адбыцца днямі ў Варшаве. Але хацеў бы падкрэсліць, што калі нехта думае, што там згенеруюць нейкую цудадзейную стратэгію, якая за лічаныя  месяцы дапаможа зваліць рэжым Лукашэнкі, то гэта спадзяванні наіўныя. Іншая рэч, што важна думаць над стратэгіямі, як захавацца праціўнікам Лукашэнкі, старацца гуртаваць свае сілы і быць гатовымі да акна магчымасцяў, якое можа праз той ці іншы час адчыніцца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя