Аляксандр Класкоўскі: На першы план выходзяць сацыяльна-эканамічныя праблемы (абноўлена)
Абы не было вайны – асноўны пасыл навагодняга звароту кіраўніка Беларусі, – зазначыў у нашым эфіры палітычны эксперт Аляксандр Класкоўскі. У выступе кіраўніка Беларусі вялікая частка была прысвечана заклікам да стабільнасці і падтрымання міру ў Беларусі, на фоне вайны ва Украіне, але гэтая тэма хвалюе беларусаў ужо менш, і пра гэта сведчаць апошнія сацыялагічныя даследванні, – кажа адмысловец:
– Спалох ад Майдану, умоўна кажучы, прайшоў. І цяпер, асабліва пасля «чорнай пятніцы» 19 снежня, выходзяць на першы план менавіта ўнутраныя сацыяльна-эканамічныя праблемы. Вось яны пагражаюць пахіснуць рэйтынг афіцыйнага лідара, і ў гэтым сэнсе кампанія будзе цяжкай. На адной рыторыцы, што мір лепшы за вайну, на гэтай банальшчыне ўжо будзе цяжкавата выехаць.
Паводле Аляксандра Класкоўскага, у 2015 годзе беларуская ўлада сутыкнецца з ростам незадаволенасці сацыяльна-эканамічным становішчам. Пры гэтым будуць прыкладацца ўсе намаганні, каб утрымаць сітуацыю як у палітыцы, так і ў эканоміцы – у перадвыбарчы год – у норме.
* * *
Галоўны інтэграцыйны праект Крамля стартаваў незаўважана. З першага студзеня пачаў працу Еўразійскі эканамічны саюз, у які ўваходзяць Расея, Казахстан, Арменія ды Беларусь. Відавочна, гэты праект пераследаваў меркантыльныя інтарэсы Менску і Астаны, а цяпер у Масквы праблемы з эканомікай, – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:
– Сёння, калі рэсурс у Масквы становіцца ўсё меншы, адпаведна і няма стымулаў пнуцца ў гэты постімперскі хаўрус. Так што, я думаю, Еўразійскі саюз можа спасцігнуць той жа самы лёс, як і Саюзную дзяржаву. Шыльда застанецца, а п асутнасці гэта будзе пусты, няспраўджаны праект.
Дамова пра Еўраазійскі эканамічны саюз прадугледжвае паступовую інтэграцыю гаспадарак краінаў-сябраў. Найбольш неабходная Беларусі інтэграцыя ў энергетычнай сферы – адкладзеная ў часе на некалькі гадоў.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя