Аляксандр Класкоўскі: Пафас ад інтэграцыі з Расеяй знік (абноўлена)
Расейскае кіраўніцтва ніколі не ставіла пытанне ўваходу Беларусі ў склад Расеі, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю медыяхолдынгу „Bloomberg”.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у Расеі шмат палітыкаў, якія „мысляць па-імперску і інакш не бачаць, як тое, што Беларусь павінна быць нейкім паўночна-заходнім краем. На гэта даем канкрэтны адказ: не будзем паўночна-заходнім краем. Як і не будзем ніколі канфліктаваць з Расеяй!”, – сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі лукавіць, бо яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў Пуцін прапаноўваў Беларусі ўвайсці ў склад Расеі шасцю губерніямі кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:
– Тады з Пуціным яны ўвайшлі ў клінч і дасюль, між іншым, іх дачыненні зусім не такія, як з Ельцыным, з якім Лукашэнка цалаваўся, разбіваў чаркі і гэтак далей. Тут тая сітуацыя, калі як кажуць аналітыкі – гэта заклятыя хаўруснікі.
Летась у сваёй прамове пасля далучэння да Расеі Крыма Уладзімір Пуцін заявіў, што лічыць несправядлівым развал Савецкага Саюза і тое што „адзіны” паводле яго расейскі народ раздзелены межамі Расеі, Беларусі і Украіны.
Аднак праз 19 гадоў пафас ад інтэграцыі з Расеяй знік, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
„Асноўныя чаканні ад саюза з Расеяй – рэалізацыя крамлёўскіх амбіцый Аляксандра Лукашэнкі і ратаванне беларускай эканомікі шляхам расейскай падтрымкі цяпер паказваюць сваю неапраўданасць. У 1996 годзе беларускае кіраўніцтва свядома адкінула шлях рэформаў у спадзяванні на цуда”, – кажа Аляксандр Класкоўскі:
– Хай гэтыя прыбалты там пакутуюць і праходзяць праз ломку, а мы вось прыстаканімся да Масквы і будзем жыць прыпяваючы. Вось такой дурніцы натуральна не будзе, тут трэба казаць не толькі пра адказнасць беларускага кіраўніцтва, але на жаль і пра нясмеласць масавай свядомасці беларусаў. Усё адно давядзецца думаць пра тое, як ісці сваім шляхам, жыць сваім розумам і праводзіць дыскамфортныя, але жыццёва неабходныя рэформы.
2 красавіка 1996 года кіраўнікі Расеі і Беларусі падпісалі дамову пра супольнасць дзвюх краін, пазней гэты праект трансфармаваўся ў саюзную дзяржаву. Пасля змены расейскага кіраўніцтва і адкрытых прапаноў Пуціна далучыць Беларусь да Расеі праект Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі быў замарожаны.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота baj.by