Аляксандр Класкоўскі: Праблема не ў манеўрах, а ў залежнасці ад Расеі
Беларусь рызыкуе згубіць свой вобраз краіны-міратворца. У Беларусі пачаліся беларуска-расейскія вучэнні “Захад-2017”, правядзенне якіх на думку беларускіх незалежных экспертаў пацягне за сабой шэраг негатыўных наступстваў для іміджу Беларусі ў вачах міжнароднай супольнасці.
Вайсковыя вучэнні агаляюць усю глыбіню залежнасці кіраўніцтва Беларусі ад свайго расейскага саюзніка, кажа кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.
– Я мяркую, што самі па сабе гэтыя манеўры не стануць рэалізацяй такіх “алармійскіх” сцэнароў, якія цяпер вельмі папулярныя. Праблема не ў тым, што праводзяцца манеўры. Праблема ў тым, што існуе каласальная залежнасць Беларусі ад Расеі, і паколькі беларускае кіраўніцтва не робіць рэформаў – эканамічных, палітычных – то няма перспектывы.
На думку Аляксандра Класкоўскага, сваім удзелам у вучэннях “Захад-2017” беларускае кіраўніцтва губляе свой вобраз краіны-міратворца, які яна гэтак рупліва стварала падчас урэгулявання крызісу ва Украіне.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя