Аляксандр Класкоўскі: Трэба думаць над новай стратэгіяй



Госць Радыё Рацыя — палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

РР: Вы, відаць, таксама за канферэнцыяй у Вільні сочыце. І якія вашыя першыя ўражанні?

Аляксандр Класкоўскі: Падзея сапраўды гарачая. Гэтага варта было чакаць. Таму што напружанне ўзрастала перад гэтай канферэнцыяй. Пайшла моцная хваля крытыкі, найперш Святланы Ціханоўскай і яе Офіса. Іншая справа, што, я думаю, ніякіх цудадзейных рашэнняў па выніках гэтай канферэнцыі не будзе. І не будзе нейкага ідылічнага яднання ўсёй апазіцыі і ўсіх праціўнікаў Лукашэнкі, выціснутых цяпер у эміграцыю. Таму што там розныя людзі апынуліся і, кладучы руку на сэрца, сапраўды каманда Ціханоўскай дапусціла пэўныя правалы ў камунікацыі з іншымі лідарамі, з іншымі сіламі, і трохі адстала ад змены сітуацыі ў самой Беларусі, вакол Беларусі. Таму тут пэўныя карэктывы трэба ўносіць, трэба шукаць паразумення. Адчуваецца, што і сама Ціханоўская і яе атачэння гэта прызнаюць, але трэба сказаць і пра іншае. Пра тое, што частка крытыкаў Ціханоўскай — яны проста вырашаюць свае задачы. Тут працуюць амбіцыі, тут працуе банальнае спаборніцтва за лідарства і за рэсурсы. А ў пэўнай ступені, я думаю, тут адбіваецца і дзейнасць беларускіх спецслужбаў, магчыма, і расейскіх спецслужбаў, якія за шмат гадоў налаўчыліся ствараць такі раздрай сярод апазіцыі. Так што ўсё вельмі неадназначна. І яшчэ адзін момант хачу падкрэсліць, што сёння аб’ектыўна трэба прызнаць, што тая рэвалюцыя, ці мірнае паўстанне 2020 года, пацярпела паразу, і тыя шаблоны па інэрцыі нельга далей выкарыстоўваць. Сапраўды каманда Ціханоўскай затармазілася, аказаўшыся ў пэўным палоне гэтых шаблонаў. Таму трэба думаць над новай стратэгіяй.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя