Аляксандр Класкоўскі: Улада не заўважыла прапановы апазіцыі



Фантастычнай назваў у нашым эфіры палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі прапанову беларускай апазіцыі сесці за стол перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам. Пяцёра беларускіх апазіцыйных лідараў звярнуліся з адкрытым лістом да ЕЗ з просьбай перазапусціць унутраныя перамовы па пытанні дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Таксама там прапаноўваецца так званая «дарожная мапа», выкананне якой павінна стаць абавязковай умовай для поўнага скасавання санкцыяў супраць беларускіх уладаў. А гэтага амаль не заўважылі, – каментуе Аляксандр Класкоўскі, паводле якога “круглы стол” таксама немагчымы.

– Уявіце сабе: Лукашэнка падносіць каву за круглым сталом не Аланду і Меркель, а тым, якіх ён дасюль называў пятай калонай, ды адмарозкамі. Натуральна гэта вельмі фантастычная карціна, зрэшты і іншыя пункты – каб улады ўнеслі змены ў выбарчае заканадаўства, дэмакратычна правялі наступныя парламенцкія выбары – таксама выглядаюць у сённяшніх умовах фантастычнымі.

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі ўпэўнены, што на закансерваваныя ў 1999 годзе перамовы з апазіцыяй улада не пойдзе, бо не той зараз час.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя