Аляксандр Класкоўскі: Улады зрабілі стаўку на сілу
Аляксандр Лукашэнка напярэдадні правёў кадравыя перастаноўкі. Валерый Вакульчык з пасады старшыні КДБ перайшоў на пасаду кіраўніка Савета Бяспекі. Андрэй Раўкоў, які кіраваў Саўбезам, застаўся пакуль «без партфеля». Акрамя таго Іван Церцель, які кіраваў Камітэтам дзяржаўнага кантролю, прызначаны старшынёй КДБ.
Каментуючы такое перасоўванне кадраў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі заўважае, што відавочна Лукашэнку на пасадзе кіраўніка Саўбезу патрэбны не вайсковец, а спецслужбовец:
– Які павінен разбірацца з крамолай унутры і плюс сачыць, каб у вертыкалі не было нейкіх ваганняў і хістанняў. Думаю, што вось гэта дзве галоўныя задачы Вакульчыка, былога кіраўніка КДБ на гэтай пасадзе.
Усе кадравыя перастаноўкі маюць пэўную логіку, бо спецслужбы цяпер займаюць усе важныя пасады – працягвае аглядальнік:
– І кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта адносна нядаўна прызначаны быў былы першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сяргіенка. І прэм’ерам прызначаны таксама чалавек са спецыфічным бэкграўндам – гэта Раман Галоўчанка, які раней узначальваў Дзяржкамваенпрам. Карацей, людзі ў пагонах апанавалі ўсе ўладныя структуры, і мы бачым такім чынам узмацненне паліцэйскай дзяржавы і стаўку менавіта на сілу.
Таксама Аляксандр Класкоўскі падкрэслівае, што ўсе перастаноўкі кадраў звязаныя з тым, што Лукашэнка бачыць для сябе выключна ўнутраныя пагрозы, а не знешнія, пра якія часта апошнімі днямі выказваецца публічна.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя