Аляксандр Класкоўскі: Захад не будзе разгойдваць сітуацыю ў Беларусі



„Аўтарытарны рэжым, але стабільны, задавальняе Еўропу,” – заўважыў у нашым эфіры палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі. У Беларусі праходзіць парламенцкая кампанія і паводле назіральнікаў – у спакойнай атмасферы. Маўляў, такім чынам афіцыйныя ўлады ў Менску паказваюць Захаду, што тут паляпшаецца сітуацыя з дэмакратыяй.

Паводле Аляксандра Класкоўскага, еўрапейцы і так заўважылі крокі Аляксандра Лукашэнкі, напрыклад, яго пазіцыю па Украіне і імкненне аддаліцца ад Расеі.

– Гэта сёння заходнікаў, па вялікім рахунку, задавальняе. Разгойдваць тут сітуацыю, па-першае, няма на гэта пораху і рэсурсаў. Па-другое, і так стае галаўнога болю. І Украіна, і мігранты, і тэрарызм. Вось усе гэтыя жахі займаюць Еўропу, Еўразвяз. І ў Амерыцы клопаты адпаведныя – там і Сірыя, і Аўганістан. Таму сёння Лукашэнка не самы кепскі хлопец.

„Беларусь адыгрывае сваю геапалітычную ролю,” — кажа Аляксандр Класкоўскі. „Хай сабе і не хаўруснік Еўропы, але своеасаблівы бампер для Захаду перад агрэсіўнай Расіяй,” – дадае палітолаг.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя