Аляксандр Класкоўскі: Замена Майры Моры наўрад ці што зменіць



„Майра Мора праводзіць тую палітыку, якая фармулюецца ў Брусэлі ўсімі 28-мю сябрамі Еўразвязу. Відавочна, што гэтая палітыка мягчэе ў адносінах да беларускіх уладаў,” – так каментуе адказ на зварот беларускіх праваабаронцаў да прадстаўніка Еўразвязу ў Беларусі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

– Пытанне не ў персоне прадстаўніка Еўразвяза ў Беларусі. Проста Еўропа вырашыла змяніць падыход да рэжыму Лукашэнкі, зважаючы на геапалітычныя чыннікі, найперш на ўкраінскі крызіс, на міратворчыя высілкі, важнасць Беларусі як нейкай зоны стабільнасці, калі ўвесь парадак у Еўропе пахіснуўся. Не думаю, што ад кадравай змены на чале прадстаўніцтва Еўракімісіі ў Беларусі можа радыкальна змяніцца палітыка Еўразвязу, бо яна вызначаецца больш глабальнымі, больш маштабнымі чыннікамі.

Да таго ж, наколькі вядома, кантракт Майры Моры на пасадзе прадстаўніка Еўразвязу ў Беларусі заканчваецца праз некалькі месяцаў, адзначае Аляксандр Класкоўскі. Нагадаем, Майра Мора адказала на ліст беларускіх праваабаронцаў. У сваім адказе яна запэўніла, што вызваленне палітвязняў з’яўляецца галоўнай умовай для нармалізацыі адносінаў паміж Еўразвязам і Рэспублікай Беларусь. Беларускія правабаронцы і сем’і палітвязняў выказалі незадаволенасць тым, што Майра Мора, на іх думку, недастаткова шырока ўздымала пытанне вызвалення палітвязняў у размовах з беларускімі ўладамі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя