Аляксандр Лукашэнка: Для Польшчы мы заўсёды адкрытыя
„Для Польшчы мы заўсёды адкрытыя — гэта адна з самых блізкіх нам краін, магу ўспамінаць пра гісторыю”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы сёння з журналістамі пасля галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
„Калі ў нас нешта не атрымалася (а не атрымалася многае), то гэта не да мяне пытанні, гэта да вашых палітыкаў. Калі вы гатовыя і хочаце з намі мець самыя цесныя сяброўскія адносіны, мы гатовыя да гэтага, — сказаў ён. — Гатовыя былі заўсёды. Але потым вы пачалі падыгрываць Еўразвязу ў цэлым. У нас жа завязваліся гэтыя адносіны, я памятаю. Потым вы пачалі ім падыгрываць, потым амерыканцы штосьці вам падказалі. Яны ўжо гэта не адмаўляюць. Што мне вам расказваць, вы ведаеце, пад чыю дудку скача Польшча часам”.
Паводле слоў Лукашэнкі, цяпер Польшча — гэта моцная дзяржава, якая мае сваю пазіцыю ўжо ў ЭЗ-е. „Мы гэта цэнім. Калі вы хочаце з намі супрацоўнічаць, калі ласка, давайце, — сказаў ён. — Толькі не хлусіце ніколі палякам, што мы тут ствараем з Расеяй нейкі альянс, каб высунуць танкі супраць вас. Ніколі гэтага не будзе ні ў дачыненні да вас, ні ў дачыненні да Украіны. Я Валодзю Зяленскаму пра гэта казаў на сустрэчы. І я сваё слова стрымаў. Там вайна ўжо ідзе пяць гадоў, але я сказаў, што мы ніколі не будзем вам пагражаць з поўначы. Я сваё слова стрымаў,”- адзначыў Лукашэнка.
belapan.by
Фота БЕЛТА