Аляксандр Лукашэнка ляціць на саміт ШАС
Аляксандр Лукашэнка плануе ўзяць удзел у самітах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і краін BRICS (Бразылія, Расея, Індыя, Кітай і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка), якія пройдуць 7-8 ліпеня ва Уфе (Расея).
«Прэзідэнт Беларусі разам з дэлегацыяй будзе на мерапрыемствах ва Уфе, — цытуе агенцтва БелаПАН прэсавую сакратарку кіраўніка дзяржавы Наталлю Эйсмант. —Мерапрыемствы вялікія, будзе шмат дэлегацыяў, таму і па праграме ёсць самыя розныя варыянты. Гэта ўсё яшчэ цяпер у працэсе прапрацоўкі».
Беларусь на саміце спадзяецца атрымаць статус назіральніка ў ШАС, — пра гэта паведаміў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей 8 чэрвеня ў Маскве на прэсавай канферэнцыі па выніках сустрэчы са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым.
ШАС — рэгіянальная міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2001 годзе Кітаем, Расеяй, Казахстанам, Таджыкістанам, Кыргызстанам і Узбекістанам. За выключэннем Узбекістана ўсе гэтыя краіны з’яўляліся ўдзельніцамі «Шанхайскай пяцёркі», заснаванай у выніку падпісання ў 1996-1997 гадах пагадненняў аб умацаванні даверу ў вайсковай вобласці і аб узаемным скарачэнні ўзброеных сіл у раёне мяжы.
БРІКС — група з пяці буйных краін: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.
Беларускае Радыё Рацыя