Аляксандр Лукашэнка: Можам вырашыць праблему Дэбальцава цягам сутак



«Можам вырашыць праблему Дэбальцава цягам сутак» – заявіў 18-га лютага Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі паведаміў, што прапанаваў бакам канфлікту пад свае гарантыі вывесці украінскія войскі з ваколіц раёну канфлікту.

– Беларусь магла бы мець большую ролю ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту, калі б бакі, уцягнутыя ў гэты канфлікт, гэтага бы хацелі. Па Дэбальцава мы сёння прапанавалі ўкраінскаму і другому боку, уцягнутаму ў канфлікт, што яго можна вырашыць на працягу сутак, калі гэта захоча Украіна, Расея і Данецкая і Луганская рэспублікі. Мы гатовыя не проста быць пасярэднікам, а годна спыніць гэты канфлікт у раёне Дэбальцава, вывесці ўсіх вайскоўцаў Украіны адтуль пад гарантыі, што яны ніколі больш ваяваць не будуць.

Такія заявы Лукашэнкі сведчаць, што роля афіцыянта ў часе Менскіх перамоваў для яго не была адпаведнай мяркуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

– Лукашэнка, як бы ён не гаварыў, што ён толькі паднасіў, а яму лаўры міратворцы не патрэбныя. Менавіта пра гэтыя лаўры ён і марыць – з гэтай заявы відавочна – больш актыўны ўдзеў у вайне ва Украіне. 

Еўразвяз у сваю чаргу разглядае варыянт пашырэння санкцый у адносінах да Расеі. Пра гэта заявіла кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Фэдэрыка Магерыні.

Паводле яе дзеянні прарасейскіх баевікоў у раёне Дэбальцава парушаюць менскія дамоўленасці. У выпадку, калі баі не прыпыняцца санкцыйны ціск на Маскву можа быць пашыраны адзначыла вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх сувязях.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя