Аляксандр Лукашэнка наведае Егіпет і Судан



Аляксандр Лукашэнка з 15 па 17 студзеня зробіць афіцыйныя візіты ў Арабскую Рэспубліку Егіпет і Рэспубліку Судан, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.

Як піша Белапан, у Каіры Лукашэнка правядзе перамовы з прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі, якія пройдуць у вузкім і пашыраным складах. Бакі разгледзяць актуальны стан дачыненняў і перспектывы іх вываду на больш высокі ровень. У цэнтры ўвагі будуць тэмы развіцця ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязяў ды вытворчай кааперацыі. Па выніках перамоў плануецца падпісанне двухбаковых дакументаў. Таксама запланаваны сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы з прэм’ер-міністрам Егіпта Шэрыфам Ісмаілам, Лукашэнка прыме ўдзел у адкрыцці беларуска-егіпецкага дзелавога форуму. У Хартуме беларускі кіраўнік правядзе перамовы з прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам, на якіх плануецца «абмеркаваць перспектывы і асноўныя напрамкі развіцця беларуска-суданскіх адносін, вызначыць канкрэтныя крокі па іх пашырэнні». У сталіцы Судана падчас візіту Лукашэнкі пройдзе беларуска-суданскі дзелавы форум.