Аляксандр Лукашэнка пабываў на Белаазёрскай ГРЭС
Аляксандр Лукашэнка з рабочай паездкай пабываў на Белаазёрскай ГРЭС. Ён прыязджаў паглядзець мадэрнізаваныя блокі станцыі. Горад яшчэ зраніцы апанавалі міліцыянты і людзі ў цывільным.
Міліцэйскія пасты яшчэ за чатыры кіламетры да горада заварочвалі транспарт з прамой дарогі – на вясковыя вуліцы. У горад і з гораду не пускалі, кажуць людзі:
– Хацелі яго пабачыць, а нас не пускаюць.
– Міліцыянер не пускае ні пешшу, ні на ровары – ніяк не пускае. А мы падаткаплацельшчыкі, а атрымліваемся бяспраўнымі.
– Забаранілі – нікуды нікому.
– Людзі не з бомбамі, не з аўтаматамі – простыя людзі, вясковыя.
– Не магу выехаць, пакуль не адляціць. Хацелася асабіста пабачыць, але пускаюць толькі абраных, я так разумею, тых, хто не будзе задаваць нязручныя пытанні.
– Некалькі разоў падыходзілі, нас не пусцілі. Як у палоне.
– Хай бы лепш сюды не ехаў.
– Былі спісы «ненадзейных» на Белаазёрскай ГРЭС, людзі сёння нават не выйшлі на працу і сядзяць дома, ім паставілі «васьмёрку».
Паводле супрацоўнікаў электрастанцыі, якіх запрасілі на сустрэчу, доўжылася гэтая сустрэча хвілін 10, задавалі толькі загадзя абмеркаваныя пытанні.
[Not a valid template]
На ГРЭС Лукашэнка знаходзіўся каля дзвюх гадзін.
Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя