Аляксандр Лукашэнка плануе наведаць Кубу
Аляксандр Лукашэнка разлічвае ў найбліжэйшы час зрабіць візіт на Кубу. Пра гэта ён заявіў 19 кастрычніка, падчас сустрэчы з паслом Кубы Херарда Суарэсам Альварэсам з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Лукашэнка папрасіў перадаць „самыя цёплыя пажаданні” старшыні Дзяржаўнага савета і Савета міністраў Кубы Раулю Кастра, якога ён назваў сваім сябрам. „Я думаю, што мне ўдасца ў найбліжэйшы час пабываць на Кубе. У мяне ёсць абавязак перад Фідэлем — я павінен пабываць у яго на магіле”, — сказаў ён.
Такі візіт, лічыць Лукашэнка, „будзе спрыяць актуалізацыі тэматыкі двухбаковых адносінаў”. „Але вы павінны заўсёды ведаць: калі Беларусь чымсьці можа дапамагчы і нешта зрабіць для Кубы, мы заўсёды адкрытыя і гатовыя гэта зрабіць”, — дадаў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі і Кубы „ўсталяваліся нядрэнныя адносіны ў сферы эканомікі”, а ў палітыцы „наогул няма ніякіх праблем”. „У нас адзіныя погляды на сусветны парадак дня. Практычна няма разыходжанняў па пытаннях, якія ў яго ўваходзяць”, — сказаў ён.
Лукашэнка наведваў Кубу з афіцыйнымі візітамі двойчы — у 2000 і 2012 гадах. Акрамя таго, у 2006 годзе ён удзельнічаў у саміце Руху недалучэння, які праходзіў на Кубе.