Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся да «змагання» з карупцыяй
Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся да «змагання» з карупцыяй, але злачыннасць сярод дзяржаўных чыноўнікаў у Беларусі толькі квітнее. Эксперты лічаць, што Аляксандр Лукашэнка спрабуе ўвайсці ў тую ж раку, у якую ўвайшоў ў 1994 годзе.
Акрамя таго, на карупцыю зручна звальваць правалы ў эканоміцы і абвешчанай мадэрнізацыі. Мяркуе эксперт ліберальнага клуба Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікіта Бяляеў:
– Калі мы паглядзім апошняе чэрвеньскае апытанне НІСЭПІ, то парадку 25 працэнтаў апытаных заявілі, што карупыя – гэта адна з вострых праблемаў, якая хвалюе грамадства. Такім чынам, гэта адна прычына, чаму Лукашэнка гаворыць пра карупцыю. Другая прычына – гэта Україна. Калі паглядзець апошнюю заяву Лукашэнкі, ён там увесь час уздымае гэтую тэму, маўляў, з-за карупцыі, з-за эканамічных складанасцяў адбылося тое, што мы зараз бачым ва Украіне. А трэцяе: заўсёды на карупцыю можна зваліць эканамічныя праблемы, заўсёды можна абвінаваціць дырэктара: ён краў – ён вінаваты.
У сваю чаргу Андрэй Бандарэнка раней адзначаў, што Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады пад сцягам барацьбы з карупцыяй. Па словах праваабаронцы, ён рэальна разумее, што цяпер эканоміка знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы, і для падтрымання рэйтынгу абвясціў чарговую вайну хабарнікам і казнакрадам. Андрэй Бандарэнка нагадаў, што ва Украіне жахлівы ўзровень карупцыі прывёў да падзення рэжыму Віктара Януковіча.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя