Аляксандр Лукашэнка зоймецца праваахоўным блокам



Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынём Следчага камітэта Іванам Наскевічам 13 жніўня абурыўся працяглым утрыманнем пад вартай галоўнага інжынера Менскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ) Андрэя Галавача, які быў апраўданы судом.

„Я не разумею, як можна затрымаць чалавека, пасадзіць яго ў следчы ізалятар (нават не ў турму, а ў следчы ізалятар — розніца зразумелая) і трымаць яго ў чатырох сценах чатыры гады? Трымаць гэтага чалавека і потым з-за недаказанасці адпусціць. Справа ў тым, што гэта распушчанасць праваахоўных органаў. І, у прыватнасці, хутчэй за ўсё, следства. Я з генеральным пракурорам буду разбірацца, чаму ён так „наглядае” за крымінальнымі справамі і за выкананнем закона”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Найбліжэйшым часам кіраўнік дзяржавы мае намер правесці нараду з праваахоўным блокам. „У найбліжэйшы час мы з усёй праваахоўнай сістэмай (хутчэй за ўсё, на наступным тыдні) сустрэнемся і пагаворым па надзённых пытаннях. Павінен проста сказаць, што апошняй кропляй, якая прымусіла мяне спланаваць такое мерапрыемства, што натуральна выклікала ў мяне насцярожанасць, — гэта празмернае зацягванне следчых дзеянняў. І апошні факт, пра які мяне праінфармавалі (я даручаў разабрацца ўжо Аператыўна-аналітычнаму цэнтру), — па галоўным інжынеры завода колавых цягачоў. Вы вялі следчыя дзеянні чатыры з лішнім гады і так нічога ў судзе не даказалі”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, менавіта вынікі расследавання крымінальнай справы галоўнага інжынера МЗКЦ падштурхнулі яго да правядзення нарады з праваахоўнай сістэмай у цэлым: „Гэта не справа. Мы да людзей павінны ставіцца па-чалавечы”.

Андрэй Галавач быў затрыманы вясной 2015 года паводле абвінавачання ў атрыманні хабару больш як на 180 тыс. рублёў (дэнамінаваных).

У лютым 2018 года суд апраўдаў Галавача, але адразу пасля вынясення апраўдальнага прысуду ён быў затрыманы ў зале суда паводле падазрэння ў атрыманні хабару на 192 тыс. долараў і 35 тыс. еўра.

Згодна з версіяй следства, гэтыя падзеі адбываліся ў 2008—2015 гадах. Абвінавачанне Галавачу выставілі на падставе чч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) КК. Пракурор прасіў суд пакараць галоўнага інжынера МЗКЦ дзевяццю гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці і штрафам у тысячу базавых велічынь (25,5 тыс. рублёў). Галавач сваю віну катэгарычна адмаўляў.

19 ліпеня гэтага года суд Першамайскага раёна Мінска цалкам апраўдаў Галавача, ён быў вызвалены ў зале суда пасля 50 месяцаў утрымання пад вартай.

29 ліпеня Генпракуратура апратэставала апраўдальны прысуд. „Намеснік генеральнага пракурора ўчора прынёс апеляцыйны пратэст у судовую калегію па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда, дзе паставіў пытанне аб адмене апраўдальнага прысуду і накіраванні справы на новы разгляд у сувязі з неадпаведнасцю высноў суда фактычным абставінам справы”, — паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў.

belapan.by

Фота БелТА