Аляксандр Лукашук: Кожная хвіліна для Ігара Лосіка становіцца ўсё больш небяспечнай
Палітвязень Ігар Лосік 39-ы дзень працягвае галадоўку пратэсту. Амаль 7 месяцаў кансультант „Радыё Свабода” знаходзіцца ў СІЗА. Спачатку, яго абвінавацілі нібыта ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, а потым, каб падоўжыць утрыманне пад вартай, дадалі новы артыкул – нібыта “падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках”.
Дырэктар беларускай службы „Радыё Свабода” Аляксандр Лукашук зазначае – кожная хвіліна зняволення ставіць жыццё палітвязня пад пагрозу:
– Ігар Лосік быў арыштаваны 25 чэрвеня – больш чым за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў. Ён не ўдзельнічаў у акцыях вулічных, не размалёўваў грамадскія будынкі, не раздаваў грошы. Усё што ён рабіў – гэта пісаў сваю думку, выказваў сваё меркаванне пра тое, што адбываецца ў сацыяльных сетках і ў перапісцы з сябрамі. Вось фактычна яго злачынства. Ігар Лосік, канешне, не шэраговы аўтар сетак. Гэта надзвычайная асоба. Пяць год таму ён быў на стыпендыі імя Вацлава Гавэла ў Празе. Гэтая стыпендыя, якую штогод МЗС Чэхіі і “Радыё Свабода” праводзяць для журналістаў у пяці краінах Усходняга партнёрства. Яго ведалі ва Украіне, у Расеі.
РР: Вядома, што ён сем месяцаў знаходзіцца ў СІЗА. Чалавека не судзяць, а толькі падрыхтавалі чарговы артыкул, каб чарговы раз працягнуць яго ўтрыманне за кратамі. Ведаем, што следчыя, пракуроры шмат гадоў вучыліся, каб займаць свае пасады, якія ведаюць законы, але такая неадпаведнасць атрымоўваецца.
Аляксандр Лукашук: Асаблівасцю аўтарытарных рэжымаў і таталітарных з’яўляецца тое, што сваіх ахвяраў рэпрэсій яны сапраўды афармляюць па ўсіх законах, праўда, якія самі ж пішуць і самі інтэрпрэтуюць. І на паперы, гэта скажуць і пракуроры, і следчыя, усё зроблена ў адпаведнасці з працэсуальным кодэксам – мы змянілі артыкул, мы працягнулі… Мы ведаем, што людзі ў следчых турмах часам праводзяць гады. Гэта вельмі эфектыўны і лёгкі шлях ціску на чалавека.
РР: Чарговы праваслаўны святар, гэтым разам айцец Аляксандр Кухта, паспрабаваў узяць на парукі палітвязня Ігара Лосіка. Раней праваслаўны святар айцец Уладзіслаў Багамольнікаў пачаў галадоўку ў знак салідарнасці са зваротам да чыноўніка, ад якога можа залежыць лёс палітвязня, каб у яго абудзілася сумленне. Галадоўку пачалі студэнткі медычнага ўніверсітэта Маргарыта Трафімовіч і Элеанора Азуманян.
Аляксандр Лукашук: Да гэтага спісу можна дадаць і сенатараў ЗША, дадаць дыпламатаў амерыканскіх і еўрапейскіх краінаў, людзей, якія ў розных сталіцах выступалі ў падтрымку Ігара. Міжнародныя акцыі салідарнасці, якія адбываюцца за мяжой Беларусі, і падтрымка салідарных галадоўшчыкаў, яна вельмі ўражвае. Тыя галадоўшчыкі, якія далучыліся, яны звяртаюцца да Ігара з просьбай спыніць галадоўку, клапаціцца пра сваё здароўе, бо для новай Беларусі гэта важна.
РР: З моманту затрымання Ігара Лосіка колькасць падпісантаў тэлеграм-канала “Беларусь галаўнога мозгу” павялічылася ўдвая. Ці можна сказаць, што гэта пэўная неэфектыўнасць, калі ў 21 стагоддзі спрабуюць заціснуць грамадства, а атрымоўваецца наадварот?
Аляксандр Лукашук: Вы самі адказалі гэтымі лічбамі на сваё пытанне. Але хачу сказаць пра іншае, гэта вельмі вялікі ціск, пагроза жыццю чалавека, пагроза яго сям’і. Вось гэты фактар застаецца нязменным. Але мы зараз назіраем вельмі трывожны момант – галадоўка наносіць незваротную шкоду здароўю. Гэта выклікае вялікую трывогу ва ўсіх нас. І перш за ўсё ў сям’і – у яго жонкі, у дачкі, якая, відаць, яго памятае толькі па фотаздымках.
РР: Сапраўды, цяпер той час, калі людзям, адказным за ягонае ўтрыманне, варта падумаць, што яшчэ ёсць шанец, каб чалавека не давесці да самага жахлівага, што можа быць.
Аляксандр Лукашук: Такі шанец павінен быць заўсёды і нашмат раней. Мы, як кіраўніцтва “Радыё Свабода”, калегі, патрабуем, просім вызвалення Ігара, змены ўмовы ўтрымання і зняцця з яго абвінавачванняў. Няма ніякіх падставаў для такога пакарання гэтага маладога чалавека з бліскучай будучыняй. Мы з трывогай назіраем за тым, што адбываецца. І кожная хвіліна становіцца ўсё больш і больш небяспечнай. І як пры пераліванні крыві – гэта ўжо не пясочны гадзіннік, а гадзіннік, у якім па кроплі капае чалавечае жыццё.
Жонка Ігара – Дар’я Лосік два дні таму адзначыла, што стан здароўя ейнага мужа рэзка пагоршыўся – ён надзвычай схуднеў, у яго цёмныя «мяхі» і «кругі» пад вачыма. Вельмі скача ціск: ранкам нізкі, да вечару падвышаецца.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Вітаўт Сіўчык, Беларускае Радыё Рацыя