Аляксандр Мілінкевіч: 3 ліпеня трэба ісці на могілкі і згадваць ахвяры фашызму (абнаўляецца)
“Дзень Волі, ці Дзень прыняцця Канстытуцыі – павінны і некалі стануць дзяржаўнымі святамі ў Беларусі,” – перакананы лідар Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, які сённяшні дзень праводзіць у Берасці. 3 ліпеня важны дзень у нашай гісторыі, адзначае палітык, аднак не таго зместу, які яму прыпісвае сённяшняя ўлада, – лічыць Аляксандр Мілінкевіч:
– Вызваленне ад фашыстаў, змаганне з фашызмам – справа святая. Але для Беларусі – гэта штучная свята. Вайна – гэта заўсёды трагедыя і трэба памятаць тых, хто загінуў за свабоду ў барацьбе супраць фашызму. Перш за ўсё – гэта не свята. Гэта трагедыя. У гэты дзень трэба на могілкі ісці, трэба ўспамінаць тых, хто адыйшоў. А тут атрымліваецца, што гэта такое радаснае свята. Вайна для мяне мае крыху іншы “смак”.
Цэнтральнай падзеяй сённяшніх святкаванняў будзе ваенны парад і тэатралізаванае шоу. Упершыню за ўсе гады ён пройдзе ўвечары каля абеліска „Менск — горад-герой” на праспекце Машэрава. Беларуская апазіцыя лічыць, што адлік незалежнасці дзяржавы варта весці з моманту абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікай Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 25 сакавіка 1918 года.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя