Аляксандр Мілінкевіч: Для Крамля галоўнае – спыніць рух Украіны ў Еўропу
Пра сітуацыю ва Украіне, міратворчую місію Лукашэнкі, пра Еўропу і Расею наш карэспандэнт гутарыць са старшынём руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам.
РР: Лідары Беларусі, Расеі і Казахстана гатовыя правесці ў Менску сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Лукашэнка ізной спрабуе выступіць у ролі міратворцы?
Аляксандр Мілінкевіч: Безумоўна, для Лукашэнкі было б вельмі важна памірыць бакі, бо тады ён адразу ўмацаваў бы свой міжнародны аўтарытэт, якога зараз няма ні ў Еўропе, ні ў іншых краінах дэмакратыі. Падняўся б пэўны давер да яго асобы, да Беларусі таксама. Але, як мне падаецца, Пуцін не вельмі хоча, каб на тэрыторыі Еўразійскага саюза вырасталі новыя лідары – больш уплывовыя, чым ён сам. Пуціну хацелася б быць абсалютным манапалістам. Таму афіцыйны Менск можа быць пасярэднікам у перамовах, але не думаю, што гэта будзе роля з вялікімі паўнамоцтвамі, дзе Лукашэнка выглядае больш эфектыўна перад Еўропай, чым Пуцін.
РР: Якім вам, як палітыку, бачыцца сёння расейска-беларускі канфлікт?
Аляксандр Мілінкевіч: Для мяне гэта не канфлікт, а расейска-украінская вайна. Я яе так ацэньваю адназначна. Праўда, зараз яна вядзецца нетыповымі метадамі, бо раней проста захоплівалі тэрыторыі – і ўсё. А сёння Крэмль быццам бы і не захопліваў тэрыторыі Усходняй Украіны, такая прыхаваная агрэсія. Для Расеі сёння галоўнае – спыніць рух Украіны ў Еўропу. І вынішчыць жаданне Украіны быць у еўрапейскай сям’і Масква спрабуе з дапамогай удара па эканоміцы, па псіхалічнаму стану грамадства, агрэсіяй, дыверсіямі. Не пушчаць у Еўропу – вось галоўны лейтматыў сёняшняга супрацьстаяння. Трэба аддаць належнае, Крэмль даволі эфектыўна з дапамогай сваіх СМІ “чысціць” мазгі народу. Але, як мне падаецца, Рубікон пройдзены. І украінскае грамадства зараз мае яшчэ большыя антырасейкія, антыпуцінаўскія настроі. Не толькі ў Заходняй Украіне, а нават у цэнтры краіны. Устрымаць Украіну ад руху на Захад не ўдасца.
РР: Якую ролю ў гэтай, як вы кажаце, вайне Крэмль адводзіць Менску, і як беларускія ўлады выкарыстоўваюць канфлікт для сябе?
Аляксандр Мілінкевіч: Я думаю, што ёсць праграма-максімум і праграма-мінімум. Праграма максімум для Масквы – гэта далучэнне Беларусі да ўсіх акцый, якія праводзіць Расея ў спробах ізаляцыі, знішчэння украінскай эканомікі. Але Беларусь на гэта не ідзе. А праграма-мінімум для Расеі – каб Беларусь займала той пэўны нейтралітэт, які і займае зараз. Самі ж беларускія ўлады хочуць паказаць Еўропе, што яны бліжэй да яе, чым расейскія. І часткова гэта ім удаецца.
РР: Складваецца ўражанне, што ў святле ўкраінскіх падзеяў Еўропе зараз не да беларускага рэжыма…
Аляксандр Мілінкевіч: Я не згодны з такой ацэнкай. Україна, безумоўна, апошнія паўгода ў цэнтры ўвагі еўрапалітыкаў, але ў Еўразвязе ёсць цвёрдае ўсведамленне, што праблема, хоць і завострана на Украіне, але яна праблема ўсяго рэгіёна – утрыманне рэспублік былога Саюза у зоне абсалютнага ўплыву Расеі, да чаго апошняя і імкнецца. Усе разумеюць, што гэта нецывілізаваны шлях. Не таму, што Еўропа змагаецца за далучэнне гэтых краінаў да сябе, але яна хоча, каб краіны развіваліся цывілізавана. Былі прадказальнымі і дэмакратычнымі. І таму ідзе розная барацьба. Расея ж спрабуе купіць былыя савецкія рэспублікі, з дапамогай вайны абяскровіць іх, як Украіну.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя