Мілінкевіч прапануе перагледзець удзел у Еўранэсце (абноўлена)
Аляксандр Мілінкевіч прапануе разгледзець удзел беларускіх парламентароў у рабоце Парламенцкай асамблеі праграмы Еўразвязу „Усходняе партнёрства”. “Дыялог мае дапамагчы правесці ў Беларусі сумленныя выбары.
Вельмі важна, каб беларускія парламентары, як роўныя з роўнымі, былі прадстаўлены ў Еўранесце. Прапануем кампрамісны варыянт “5+5” (палова дэлегацыі – ад Палаты прадстаўнікоў, палова – ад грамадзянскай супольнасці), – сказаў старшыня Руху «За Свабоду» падчас выступу на Еўранэсце ў Ерэване:
– Гэта пазіцыя ўсіх, хто прысутнічаў там ад беларускай дэмакратычнай супольнасці. Такая прапанова і раней агучвалася Еўранестам і Еўрапарламентам. І гэта, па сутнасці, паўторная прапанова, як пераходны перыяд да справядлівых выбараў. Выбары будуць справядлівымі, калі апазіцыя будзе лічыць галасы разам з уладаю.
“Маем надзею, што выбары ў беларускі парламент 2016 году пройдуць ужо адкрыта, справядліва, палічым галасы разам з уладай – у гэтай залі Беларусь стане прадстаўляць паўнавартасная дэлегацыя”, – сказаў старшыня Руху “За Свабоду” на пленарным пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Еўранэсту ў Ерэване.
* * *
Беларуская дэмакратычная супольнасць упершыню атрымала магчымасць выступіць на пленарным пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Еўранэсту, якое праходзіць у Ерэване.
Агульную пазіцыю дэлегацыі беларускай апазіцыі прадставіў старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
Па словах яго намесніка Юрыя Губарэвіча, палітык ў сваім выступе закрануў найбольш праблемныя пытанні па сітуацыі ў Беларусі.
– У сваёй прамове ён закрануў тыя новыя пагрозы, якія сёння паўсталі перад Беларуссю і перад усім усходнім рэгіёнам, – гэта звязана з расейскай ваеннай агрэсіяй на Усходзе Украіны. Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што Беларусь не мусіць выпасць з кола краін Усходняга партнёрства, якія развіваюць адносіны з Еўрапейскім звязам. Складаная сітуацыя ў галіне правоў чалавека, наяўнасць палітычных вязняў і адсутнасць свабодных выбараў – гэта тыя рэчы, вырашэннем якіх улада павінна заняцца ў першую чаргу, калі яна разлічвае на паўнавартасны дыялог.
“Дэмакратыя абавязкова прыйдзе, але сёння галоўнае – абараніць незалежнасць, бо яе можна страціць за адну ноч, і тады не будзе ні свабоды, ні правоў чалавека, ні Радзімы”, – сказаў Аляксандр Мілінкевіч ў сваім выступе. “Ва ўмовах пагрозы агрэсіі з боку Расіі нам неабходнае нацыянальнае яднанне”, – адзначыў палітык.
Прадстаўнікоў афіцыйнага Менску на пасяджэнне не запрашалі.
У пасяджэнні Еўранэста ўдзельнічаў таксама намеснік старшыні Еўрапейскага парламента Рышард Чарнецкі, які адзначыў, што Еўропа працягвае прынцыповую палітыку ў дачыненні да Беларусі:
– Мы павінны салідарызавацца з беларускай апазіцыяй, павінны змагацца за вызваленне палітвязняў, за насамрэч вольныя выбары. Гэтыя выказванні былі значнымі, хаця яны канешне ішлі паралельна з тым, што варта падтрымаць тое, што робіць Еўрапейская камісія, якая вядзе дыялог з беларускімі ўладамі, бо гэта можа дапамагчы, гэта павінна дапамагчы беларускай апазіцыі.
Сустаршынём Еўранэста замест былога кіраўніка ўкраінскай дыпламатыі Барыса Тарасюка стаў былы грузінскі дыпламат, а цяпер дэпутат грузінскага парламента Віктар Галідзэ.
У дэлегацыі працоўнай групы па Беларусі Еўрапейскага парламента – як і раней кіраўнікі сямі апазіцыйных структур Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота bnp.by