Аляксандр Мілінкевіч: Крэмль мёртвай хваткай трымае Беларусь
Перамовы паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным будуць няпростымі, – лічыць былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч.
«Думаю, Крэмль мёртвай хваткай трымае Беларусь, каб яна не адышла ад расейскага ўплыву. Кіраўнікі Расеі настроены, што нікуды вы з агульнага караблю не саскочыце. А нам, канешне, выгадна было паменшыць залежнасць ад Расеі, – упэўнены Аляксандр Мілінкевіч. – І апошнія візіты кіраўніка Дзярждэпу ЗША Майкла Пампеа, міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса можна расцаніць у тым ліку як падтрымку незалежнасці Беларусі ў няпросты час».
– Кожная з гэтых краінаў зацікаўленая ў тым, каб тут не было Расеі, каб у Гародні ды Берасці не стаялі ракеты, каб не было беспасрэднага кантакту НАТА з расейскай арміяй. Таму тут інтарэс абсалютна заканамерны. Ясна, што бяспека пасля анексіі Расеі, пасля тых войнаў, якія яна вядзе – гэта задача №1 для ўсіх краінаў, тым больш для суседзяў. І для амерыканцаў таксама.
Пры Абаме, напрыклад, кантакты нашы зусім сталі слабыя, таму што Абама сказаў, што ў Еўропе – хай Еўропа і займаецца. А Абама будзе займацца Азіяй, Афрыкай
Па словах Аляксандра Мілінкевіча, хоць яму і не вельмі падабаецца Дональд Трамп як палітык, але актыўнасць яго адміністрацыі ў Беларусі ў падтрымку незалежнасці – гэта вельмі важна.
Беларускае Радыё Рацыя