Аляксандр Мілінкевіч: Могуць пашырыць кола тых, каго называюць апазіцыяй у парламенце



Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч распавёў, ці варта чакаць у Беларусі “справядлівых выбараў”.

Днямі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі павінны прайсці “справядлівыя выбары, без надуманых абмежаванняў, каб ні ў каго не было сумненняў у іх легітымнасці”.

Аляксандр Мілінкевіч: Я думаю, што выбары будуць абсалютна кантраляванымі. Інакш у сённяшняй сістэме і быць не можа. Аднак, думаю, пэўныя людзі, якія больш зразумелыя для ўлады і менш небяспечныя, могуць пашырыць кола тых, каго называюць апазіцыяй у парламенце. Такое магчыма, але кантроль захаваецца. Не думаю, што ў парламенце з’явяцца абсалютна вольныя казакі, бо ён павінны быць сінхронны з уладай і лаяльны да ўлады. Гэта адназначна.

РР: Ці можа нешта змяніцца падчас фармавання выбарчых участковых камісій і падліку галасоў?

Аляксандр Мілінкевіч: Я мала ў гэта веру. Калі мы кажам пра кантраляванасць выбараў, то якраз у выбарчых камісіях, якія будуць сачыць за падлікам галасоў, не патрэбныя “чужыя” людзі. Вось тут улады адразу забываюць пра “справядлівасць выбараў, без надуманых абмежаванняў”.

Няхай павучацца, як трэба праводзіць выбары ва Украіне, вось там яны насамрэч вольныя. Тым больш, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына была ў Кіеве падчас першага тура прэзідэнцкіх выбараў і ведае, як там усё адбываецца. Але пры сённяшняй уладзе такія выбары, як ва Украіне, не магчымы. Могуць прапусціць пэўных людзей у парламент, каб зменшыць напружанасць у грамадстве, але ў астатнім будуць дзейнічаць вельмі асцярожна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя