Аляксандр Мілінкевіч: Наўрад ці ад гэтай сустрэчы будзе які плён
„Наўрад ці візіт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядведзева і іх перамовы з кіраўніцвам Беларусі зблізіў пазіцыі Расеі і Беларусі”, – лічыць лідар Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. Па яго словах, супярэчнасцяў паміж краінамі так шмат, што шчырыя адносіны не магчымыя. Ідзе гульня. Беларусь паступова аддаляецца ад Расеі, бо для эканомікі краіны вельмі неабходна супрацоўніцтва з краінамі дэмакратычнага Захаду. І гэта вельмі важна, каб захаваць незалежнасць.
– Пуцін турбуецца, што задалёка ідуць. Непакояць яго асобныя з’явы ў палітыцы, эканоміцы, культуры. Я думаю, што вялікіх зменаў гэтая сустрэча наўрад ці прынясе. Эмоцыі, відавочна, былі вылікія. Але, тут самае галоўнае, не такія сустрэчы, а самае галоўнае – чаго чакаць заўтра. Агрэсіўнасць Расеі, напэўна, будзе расці, таму што Расея прайграе Украіну, Сірыю і вялікія мае праблемы ў Крыме.
Беларусь была апошняй пляцоўкай стабільнасці і ўпэўненасці для Расеі. А зараз гэта не так, – падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч. Аднак, па яго словах, самай вялікай пагрозай для Беларусі з’яўляюцца не столькі знешнія небяспекі, колькі адсутнасць жыццёва неабходных рэформаў. Але пакуль што нябачна, што ўлада разумее гэтую галоўную пагрозу, якую сама і стварае, не праводзячы патрэбных рэформаў і па-ранейшаму спадзяючыся на патрымку Расіі, – лічыць Аляксандр Мілінкевіч .
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя