Аляксандр Мілінкевіч: Не трэба шукаць «руку Масквы»
Адзін з самых вядомых палітыкаў Гарадзеншчыны, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што на выбарах 2020 мае ўплыў не толькі Масква, але і Захад.
Пра адметнасць сёлетніх выбараў кажа Аляксандр Мілінкевіч:
– Я думаю, што самае галоўнае – не ўпасці ў такую істэрыю пошуку ворагаў і сказаць, што вось ён вінаваты, а калі б іх тут не было, то ў нас тут усенароднае шчасце было б. Але адназначна, усім, хто разбяраецца ў беларускай палітыцы, ясна, што розныя краіны, умоўны Захад, умоўны Усход заўсёды мелі тут свае інтарэсы і будуць мець, і паспрабуюць уплываць. У нас парламенцкія выбары мала што значаць, мясцовыя – яшчэ менш. І хоць вядома, што няма падліку галасоў, але прэзідэнцкія кожны раз – гэта шанец на пэўныя змены.
На думку Аляксандра Мілінкевіча, сёлетнія выбары непрадказальныя:
– Выбары праходзяць у сітуацыі, якую яшчэ ніхто не бачыў у красавіку месяцы ці ў траўні. Па-першае, вылучыліся некалькі нечаканых людзей з высокай эліты наменклатуры, людзі, якіх не хапала часта апазіцыі, хаця яна казала слушныя рэчы. Але вось такіх знакавых асобаў не было. Тут раптам яны з’явіліся. Гэта ажывіла ўсё, гэта напалохала ўладу, бо гэта відавочна, што яўнага расколу няма, але ёсць падзел па думках. І нават, бачыце, ужо на выбарах.
Апошнія некалькі гадоў палітык не ўздзельнічае ў палітыцы, засяродзіўся на працы над Вольным універсітэтам і жыцём у вёсцы Бершты.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча