Аляксандр Мілінкевіч: Ніхто не чакаў такога ўздыму
Беларускі палітык, кандыдат на выбарах 2006 Аляксандр Мілінкевіч вельмі станоўча ацэньвае грамадскі ўздым насельніцтва на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах.
Па словах палітыка, гэты ўздым нельга было прагназаваць:
– Ніхто не чакаў, ні адзін эксперт не мог прадбачыць, што будзе такі каласальны ўздым пратэстных настрояў, што людзі скажуць: хопіць, мы не хочам так далей жыць! Скажуць вярхоўнай уладзе, уладзе, якая хоча сябе яшчэ раз прызначыць на пасаду кіраўніка дзяржавы. Сама ўлада, здаецца, да сённяшняга дня не ўсё гэта разумее, ім здаецца, што гэта інтрыгі то імперыялізму, то Масквы хутчэй. А народ сам па сабе бунтуе, таму што так жыць сапраўды нельга – жыць у хлусні, жыць у падмане.
Аляксандр Мілінкевіч упэўнены, што грамадскі рух у 2020 годзе мае вялікія перспектывы:
– Эканоміка валіцца, ніхто не кажа, як яе будуць лячыць. Таму вось гэты ўздым сведчыць пра тое, што ў беларусаў ёсць вялікія перспектывы, бо без актыўнасці грамадства ніякія партыі і рухі, ніякі Лукашэнка не зменяць краіну. Тут усе супольна мусяць.
У 2020-м годзе палітык не ўдзельнічае ў палітычнай дзейнасці, аднак ён упэўнены, што выбары 2020 зменяць стан краіны ўжо ў бліжэйшы час.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча