Аляксандр Мілінкевіч: Які ж гэта нейтралітэт?
Палітык і былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч выказаў сваё стаўленне да беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2017”, якія праходзяць гэтымі днямі.
Аляксандр Мілінкевіч: У мяне абсалютна негатыўнае стаўленне да гэтых вучэнняў. Я памятаю, як мы цешыліся ў 90-х гадах, калі Беларусь дэкларавала, што яна імкнецца да нейтралітэту. Які ж гэта нейтралітэт, калі мы ўваходзім у вайсковы саюз з іншай краінай? Не патрэбна, каб да нас на вучэнні прыходзілі салдаты з Расеі, якая праводзіць апошнім часам відавочную агрэсіўную палітыку. Такі саюз небяспечны, і, на мой погляд, дабром не скончыцца.
РР: Але ж, напэўна, і адмовіцца ад такога саюза таксама складана, бо Беларусь знаходзіцца ў эканамічнай залежнасці ад Расеі?
Аляксандр Мілінкевіч: Дык самі беларускія ўлады і стварылі гэтую залежнасць. Адмовіцца нельга, але і непакой павінен быць, таму што ёсць аналагі паводзін Расеі ў Прыднястроўі, Абхазіі, ва Украіне.
РР: Былі апасенні, што частка расейскіх вайскоўцаў могуць пасля вучэнняў застацца ў Беларусі…
Аляксандр Мілінкевіч: Паўтаруся, расейская пагроза – дастаткова рэальная, таму, можа быць, не варта перабольшваць праблему, але не трэба яе і змяншаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя