Аляксандр Мусіенка: Пуцінская Расея падставіла Беларусь пад удар
25-га красавіка на базе вядучых арганізацыі Украіны па вывучэнні і аналізе вайны пройдзе круглы стол пад назвай „Расейская ядзерная зброя ў Беларусі як пагроза еўрапейскай бяспецы”. У павестцы дня пытанні сітуацыя ў Беларусі, ядзерныя намеры Расеі ў вайне ва Украіне і магчымасці Захада па стрымліванні такой агрэсіі ды спрыянню ў заканчэнні вайны.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з удзельнікам круглага стала, кіраўніком Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандрам Мусіенкам пра тое, наколькі пагоршыць становішча Беларусі размяшчэнне расейскай ядзернай зброі, калі чакаць на контрнаступ ва Украіне і ці будзе ўступленне ў вайну самой Беларусі, што зараз адбываецца з украінскімі АЭС і наколькі хутка пасля вайны Беларусь зможа наладзіць добрасуседскія стасункі з Украінай і ЕЗ:
РР: У вас 25-га красавіка анансаваны круглы стол „Расейская ядзерная зброя ў Беларусі як пагроза еўрапейскай бяспецы”. Вы таксама будзеце прымаць удзел. Якія будуць вашыя галоўныя тэзісы, які бок вы ўжо можаце заняць? Ёсць такая пагроза? Ці яна такая крыху адсунутая ў часе і Расея проста пагражае і нічога не будзе?
– Я думаю, што ў Расеі маюць дастаткова сур’ёзны намер размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі і хутчэй за ўсё яны яго размесцяць. Гэта прадстаўляе пагрозу, як для Украіны, так і для краін Балтыі, Польшчы і ў цэлым для бяспекі Еўропы. Неабходна адзначыць, што пасля распаду Савецкага Саюзу, увогуле пасля падпісання ўсіх дамоў, пачынаючы яшчэ з 1980-х пра нераспаўсюд ракет, сярэдняга і малага радыуса дзейнасці і г.д. У прынцыпе сістэма ядзернай бяспекі базавалася на тым, што на тэрыторыі Украіны, на тэрыторыі Беларусі не павінна размяшчацца ядзерная зброя. Цяпер Расея ўсе гэтыя базісныя дамоўленасці, з якіх яна выйшла ў аднабаковым парадку, парушае і падстаўляе Беларусь такім чынам. Тут неабходна разумець, што беларускае грамадства з’яўляецца закладнікам, калі Расея такім вось чынам дзейнічае. Навошта Расея гэта робіць? Тут у прынцыпе асноўная прычына ў тым, што Расея хоча такім чынам эскалацыі, нагнятання сітуацыі дадатковай рызыкай. Яны б хацелі, каб з імі сядалі за стол перамоў і дамаўляліся пра параметры прысутнасці NATO у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, абмяркоўвалі іх ультыматумы, зусім недарэчныя, пра тое дзе NATO павінна быць, дзе не павінна быць і г.д. З Пуціным ніхто размаўляць не збіраецца па зразумелых прычынах. На яго ёсць ордар міжнароднага крымінальнага суда пра арышт. Ён выкарыстоўвае як апошні козыр карту ядзернай эскалацыі, ядзернага ўзбраення. Я б не стаў легкадумна ўспрымаць гэтыя пагрозы, бо гэта пагрозы, на якія неабходна рэагаваць адэкватна. На мой погляд маглі б быць наступныя спосабы рэакцыі. Цяпер гэта абмеркаванне ЗША і NATO, што ядзерная зброя можа з’явіцца ў Польшчы. Другое, гэта дадатковыя сістэмы супрацьракетнай абароны, якія павінны быць разгорнуты ва Украіне, Польшчы і краінах Балтыі, механізмы ракетнага шчыта і ядзернага стрымлівання. Трэцяе, дадатковыя жорсткія санкцыі супраць Расеі, у тым ліку гандлёвае эмбарга, тое што цяпер абмяркоўвалася на „Вялікай сямёрцы”. Вось мінімум такім чынам неабходна дзейнічаць.
З „Госцем Рацыі” – кіраўніком украінскага Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандрам Мусіенкам размаўляла Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя