Аляксандр Папко: Польская палітыка да Беларусі кардынальна не зменіцца
Апазіцыйная партыя “Права і Справядлівасць” перамагла на нядаўніх парламенцкіх выбарах у Польшчы і неўзабаве сфармуе свой урад. Ці зменяцца польска-беларускія дачыненні, дыскуем у Месцы для прэсы з палітычным аналітыкам і журналістам Беларускай службы польскага радыё Аляксандрам Папко.
РР: У Польшчы парламенцкія выбары выйграла апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць», цяперашні прэзідэнт — прадстаўнік гэтай жа партыі. Ці цяпер можна нейкімі чынам спрагназаваць, як пераменяцца і куды павернуцца міжнародныя ўзаемадачыненні з Беларуссю?
Аляксандр Папко: У дачыненні да Беларусі палітыка польскага Ўрада ў прынцыпе зменіцца вельмі нязначна, бо і ў «Права і справядлівасці» і ў «Грамадзянскай платформы» пастулаты знешняй палітыкі ў адносінах да Беларусі былі вельмі падобныя.
Калі я гаварыў з польскімі палітычнымі аналітыкамі, яны мне адказвалі, што ў «Права і справядлівасць» будзе будаваць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі на некалькіх прыярытэтах. Першы прыярытэт, і тут адрозненне ад «Грамадзянскай платформы», — гэта падтрымка польскай нацыянальнай меншасці, на што ПІС зробіць большы акцэнт. Другі — падтрымка дэмакратычнай супольнасці ў Беларусі. Але тыя, хто чакае, што адкрыюць новы тэлеканал «Белсат» ці павялічацца сродкі ў падтрымку нейкіх няўрадавых ініцыятыў, могуць быць крыху расчараванымі, бо ў Польшчы папросту няма столькі сродкаў, каб штогод, адкрываць па тэлеканалу «Белсат». Так што, у прынцыпе, тут падтрымка мала зменіцца. Наступны, вельмі важны прыярытэт,— дачыненні з Расеяй і гэта паўплывае на палітыку ў адносінах да Беларусі. У пэўным сэнсе польскі ўрад, як мне здаецца, будзе намагацца не чапаць нейкія ўразлівыя тэмы і старацца не тое, каб падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку, але падтрымліваць незалежнасць Беларусі і нейкім чынам супрацьстаяць росту расейскіх уплываў у Беларусі. Што яшчэ можна назваць чарговым прыярытэтам у беларускай палітыцы, дык гэта эканоміка. Эканамічныя стасункі будуць развівацца нягледзячы ні на што.
Калі казаць пра іншыя накірункі знешняй палітыкі Права і справядлівасці, дык гэта будзе ўзмацненне адносінаў з ЗША, у вайсковай галіне. А таксама больш жорсткая палітыка да Еўразвязу. Напрыклад, у справе ўцекачоў, якіх Польшча не вельмі хоча прымаць і размяркоўваць.
Таксама ПІС традыцыйна робіць большы акцэнт на гістарычную палітыку, а гэта значыць, што стасункі з Нямеччынай, Украінай па прычыне гістарычных спрэчак што да Валыні ці іншых гістарычных трагедыяў, могуць пагоршыцца.
Што да Беларусі, дык зменіцца мала, проста палітыка стане больш прынцыповай і жорсткай.
РР: Прадстаўнікі ПІС вельмі негатыўна ставяцца да палітыкі Пуціна, а Лукашэнка сёння таксама лічыцца саюзнікам Пуціна. Ці гэта не будзе прычынай таго, што ПІС больш жорстка паставіцца да Лукашэнкі?
— Пакуль што, Лукашэнка хоча прадаць сябе на Захад, як чалавек, які займае пазіцыю пасярэдніка ва Ўкраінскім крызісе, які падтрымлівае незалежнасць Беларусі. Што б магло адвярнуць Захад і польскі ўрад ад Аляксандра Лукашэнкі, дык гэта пытанне расейскай вайсковай базы. Калі гэтая база з’явіцца, дык ніякую ілюзію таго, што ён незалежны гулец на еўрапейскай арэне, Аляксандру Лукашэнку падтрымліваць ня ўдасца.
РР: 5 беларускіх апазіцыйных лідараў з’вярнуліся з адкрытым лістом да Еўразвязу з просьбай перазапусціць унутраныя перамовы па пытанні дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Таксама яны там прапанавалі сесці з Аляксандрам Лукашэнкам, пры пасярэдніцтве Еўразвязу, за так званы круглы стол. Ці рэалізаваць такую ідэю ўвогуле магчыма?
— Тут я пагаджуся з Аляксандрам Класкоўскім: што гэта «фантастычная ідэя» і Аляксандр Лукашэнка яе ніколі не прыме, бо ён адчувае сябе абсалютным пераможца. Яму няма ніякага сэнсу размаўляць з апазіцыяй, якую ён знішчыў, ізаляваў і ператварыў у нішто. Мне падаецца, што і Еўразвязу не надта хочацца ламаць коп’і. Гэта вельмі павольная машына у 28 дзяржаваў, якія кансэнсусам павінныя вырашаць. Мне вельмі цяжка ўявіць сабе, што еўрапейскія палітыкі збяруцца, набяруцца нейкая волі, каб выбраць такі інструмент перамоваў і палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Не той час і няма такой пільнай патрэбы. Як ёсць цяпер, так, мне здаецца, еўрапейскім палітыкам і падабаецца, пакуль Аляксандр Лукашэнка не робіць большых праблемаў.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарку слухайце ў адлучаным аўдыёфайле.
Фота: facebook