Аляксандр Салантай: Еўропа пакуль не гатовая выслаць міратворцаў на Данбас



Еўропа пакуль не гатовая выслаць міратворцаў на Данбас, мяркуе ўкраінскі палітолаг Аляксандр Салантай. Паводле яго, сама просьба сфармулявана Украінай такім чынам, што Еўразвяз не зможа адмовіцца, пры гэтым для таго, каб міратворцы прыбылі на Данбас, еўрапейскія краіны павінны выпрацаваць прынцыпы і механізм працы місіі, якая будзе ўнікальнай, кажа ўкраінскі эксперт.

– У Еўропе няма такіх гатовых рашэнняў, як рэагаваць у падобных сітуацыях. Тое, што зараз робіцца на Данбасе – гэта новы выклік, і не толькі да Украіны, але і да ўсяго свету. І таму пытанне яшчэ будзе ўздымацца неаднойчы, да таго часу, пакуль не будзе знойдзена тэхнічная рэалізацыя. Гэта можа адбыцца прыблізна красавік-травень гэтага года. Расея тут не можа прыняць рашэння, таму што яна вызнае на ўсіх перамовах, што гэта ўнутраняя ўкраінская тэрыторыя.

Рада нацыянальнай бяспекі Украіны прыняла рашэнне звярнуцца ў ААН і Еўразвязу з просьбай накіраваць на Данбас паліцэйскую міратворчую місію краінаў ЕЗ. Нямецкі міністр замежных спраў Франк Вальтэр Штайнмаер заявіў, што сэнс міратворчай місіі будзе ў выпадку, калі ўсталюецца трывалы мір у зоне баявых дзеянняў на Данбасе і будзе згода на працу місіі з абодвух бакоў канфлікту.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя