Аляксандр Салантай: Толькі эканамічнымі санкцыямі немагчыма спыніць Пуціна



Рэжым спынення агню ў Дебальцева баевікі не выконваюць, украінскія ваенныя застаюцца на сваіх пазіцыях. Паведаміў журналістам спікер АТО Андрэй Лысенка. Ён дадаў, што сітуацыя застаецца напружанай.

Тым часам НАТО, і ў прыватнасці Польшча, разглядаюць пытанне: ці пастаўляць зброю Украіне? Польскі бок не дае адназначнай ацэнкі гэтаму пытанню, хаця усё часцей гучаць галасы, што расейскага лідара можна затрымаць толькі шляхам збройнага супраціву.

„Ніхто не хоча вайны, Пуцін асабліва. Яго мэта – перахапіць Украіну, а затым Эстонію і Латвію без вайны”, – сказаў галоўны рэдактар польскай Газэты Выборчай Адам Міхнік на форуме Еўропа-Украіна з Лодзі.

„Толькі эканамічнымі санкцыямі немагчыма спыніць Пуціна”, – мяркуе ўкраінскі палітолаг Аляксандр Салантай:

– І зараз ён працягвае намаганні і спробы змяніць ход Менскіх дамоўленасцяў, каб не выконваць тое, пра што дамовіліся перад усім светам цывілізаваным, а зрабіць так, каб ён меў магчымасці “пакласці на лапаткі” украінскія войскі і шантажаваць увесь свет тым, што сітуацыя змянілася, і яму нічога не здаецца. 

„Украіна хоча атрымаць вайскова-тэхнічную дапамогу, каб мець магчымасць абараняць тыя тэрыторыі, на якія расейскія войскі пакуль не зайшлі, а не для атакі”, – падкрэслівае ўкраінскі палітолаг.

У прэс-цэнтры Антытэрарыстычнай аперацыі заяўляюць, што сепаратысты парушаюць перамір’е.

Ва ўсходніх рэгіёнах Украіны працягваюцца абстрэлы і збройныя атакі. Ці ёсць сэнс дамаўляцца аб нечым з данбаскімі сепаратыстамі, якіх падтрымлівае расейскі бок?   Каментуе ўкраінскі палітолаг Аляксандр Салантай:

– Усе цудоўна разумеюць, чаму там адбываюцца баі далей, бо перамовы ў Менску праходзілі доўга за зачыненымі дзвярыма. Потым вельмі доўга расіяне не хацелі падпісваць дакументы. Чаму? Таму што ўвесь гэты час яны спадзяваліся захапіць Дэбальцава паставіць украінскія войскі ў атачэнне, пасля зрабіць шантаж і зрабіць так, каб ў Менску-2 былі не такія дамоўленасці, як у Менску-1 у верасні 2014 года. І Масква і Расея тут атрымала поўны правал.

На думку Аляксандра Салантая, Менск стаў добрай пляцоўкай для перамоваў з Крамлём. Дасягнутыя дамоўленасці павінны паступова прыводзіць да цывільнага, грамадскага спосабу вырашэння канфлікту.

 Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

“Рашэнне Вярхоўнай Рады Украіны аб прызнанні Расеі краінай-агрэсарам – доўгачаканае”, кажа ўкраінскі палітолаг Аляксандр Салантай.

“Мы спадзяемся, што міжнародная супольнасць пасля гэтай пастановы зверне большую ўвагу на сітуацыю ва Украіне. Прызнанне краіны агрэсарам – не дазваляе Расеі абвясціць вайну», – кажа палітычны эксперт:

 – Але з іншага боку дазваляе Украіне паведаміць усяму свету, што Україна перакананая, што на нас напала Расея. Гэта патрэбна было Украіне для таго, каб узмацніць вайсковае супрацоўніцтва з іншымі краінамі і разлічваць на дапамогу не толькі гуманітарную, не толькі фінансавую, але і на падтрымку сучасным узбраеннем.

Дэпутаты ўкраінскага парламенту 27 студзеня заклікалі міжнародную супольнасць прызнаць Расею – краінай агрэсарам – у адпаведнасці з дакументамі ААН.

Акрамя таго, у пастанове гучыць заклік аб пашырэнні ціску на Расею, і просьба пра аказанне Украіне, якая вядзе вайну, фінансавай, гуманітарнай і вайсковай дапамогі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя