Аляксандр Салантай: Без рэформаў урад можа страціць падтрымку (абноўлена)



Новыя санкцыі супраць Расеі дагэтуль не ўведзеныя ў дзеянне. Напярэдадні краіны-сябры Еўразвяза зацвердзілі новы пакет санкцый супраць Расеі, аднак рашэнне пакуль афіцыйна не апублікаванае.

Паводле ўкраінскага палітолага Аляксандра Салантая, замежныя санкцыі і падтрымка могуць уплываць на ваенныя дзеянні Расеі на ўсходзе Украіны, аднак яны не здольныя замест ураду вырашыць асноўныя, надзённыя, пытанні ўкраінскага грамадства:

– Першае – гэта барацьба з карупцыяй. Другое – гэта стварэнне мясцовага самакіравання і дэцэнтралізацыя. Трэцяе – гэта рэфармаванне падаткова-бюджэтнай сістэмы, каб захаваць стымулы эканамічнага развіцця. Чацвёртае – гэта суды і праваахоўная сістэма, каб спыніць у краіне бязмежжа. Гэта нават важней чым санкцыі ці знешняя падтрымка, бо без унутраных рэформаў, без унутраных зменаў урад можа страціць падтрымку насельніцтва, а краіна можа расчаравацца нават ва ўмовах знешняй агрэсіі.

4 украінскія вайскоўцы загінулі за час дзеяння так званага „рэжыму прыпынення агню” на Данбасе. Пра гэта паведаміў дырэктар вайскова-медычнага дэпартаменту Міністэрства абароны Украіны Віталь Андранацій. Пратакол аб прыпыненні агню на ўсходзе Украіны быў падпісаны 5 верасня ў Менску.

Украінская ўлада магла пайсці на гэтае трэцяе па ліку перамір’е, каб стабілізаваць сітуацыю у краіне перад парламенцкімі выбарамі, кажа Аляксандр Салантай:

– Наша ўлада хацела б спыніць вайну на час выбараў, бо гэта моцна б’е па рэйтынгу нашай улады, па прэзідэнту. У такіх умовах, калі ідуць ваенныя дзеянні, разглядалася пытанне ўвядзення ваеннага становішча. І для таго, каб зняць з парадку дня ўвядзенне ваеннага становішча і запусціць выбарчую кампанію, нашая ўлада хацела спыніць вайну, нават такой цаной, якая вядзе фактычна да акупацыі Данецка і Луганска.

Датэрміновыя выбары Вярхоўнай Рады Украіны маюць прайсці 26 кастрычніка. У сувязі з акупацыяй Крыма і частак Данецкай і Луганскай абласцей выбары на гэтых тэрыторыях не адбудуцца. На папярэдніх выбарах гэтыя рэгіёны былі аплотам Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча і камуністаў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя