Аляксандр Шлык: АБСЕ разумее, што Лукашэнка не мае поўнага кантролю над Беларуссю на фоне агрэсіі Расеі
У дакладзе АБСЕ, апублікаваным 13 красавіка, гаворыцца, што Беларусь па стане на 1 красавіка не з`яўляецца бокам узброенага канфлікту Расеі і Украіны. Указваецца, што Місія АБСЕ будзе прытрымлівацца такой думкі да таго часу, „пакуль Беларусь не ажыццявіць акты гвалту або іншыя дзеянні, якія былі б прамым удзелам у баявых дзеяннях”.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – спецыяльным прадстаўніком па выбарах кабінету Святланы Ціханоўскай, былым супрацоўнікам БДІПЧ АБСЕ Аляксандрам Шлыкам пра тое, ці можа трагедыя вайны разыграцца на тэрыторыі Беларусі, якая роля кабінета Ціханоўскай у прыняцці прэзідэнтам Польшчы паправак аб знаходжанні беларусаў у Польшчы, і што азначае для Беларусі даклад АБСЕ, які не надзяліў краіну статусам бока вайны.
– Наколькі я разумею, размова ідзе пра даклад, падрыхтаваны экспертамі ў рамках маскоўскага механізму. То бок, гэта група экспертаў, нельга казаць, што гэты даклад менавіта ад імя краін-удзельніц АБСЕ. Я думаю, што краіны-ўдзельніцы прытрымліваюцца іншага меркавання, асабліва калі улічваць, што ёсць і само вызначэнне агрэсіі і краіны-акрэсара ў рамках ААН. А дакладней ёсць рэзалюцыя Генеральнай асамблеі ААН 33.14, у якой усё выразна прапісана. У адпаведнасці з гэтай рэзалюцыяй, з вызначэннем агрэсіі – Беларусь з’яўляецца краінай-агрэсарам. Я думаю, што ў АБСЕ, як у арганізацыі трошкі палітычнага толку, таксама ўлічваюцца і палітычныя аспекты, менавіта што краіны АБСЕ, эксперты ў рамках маскоўскага механізму разумеюць, што Лукашэнка не мае поўнага і эфектыўнага кантролю над тым, што адбываецца ў Беларусі. Таму немагчыма сказаць, што ў нападзе на Украіну ён прымае самастойныя рашэнні.
– Таксама дзяржсакратар Рады Беларусі Вальфовіч заявіў, што на фоне наступаў расейскіх войскаў магчымыя правакацыі супраць беларусаў, у тым ліку узброеныя. Асабліва адзначаецца ровенскі накірунак. Наколькі Вальфовіч мае рацыю і аб чым увогуле ідзе размова?
– Я думаю, што беларускія спецслужбоўцы заўсёды пакідаюць магчымасць, каб аб’явіць правакацыю і штосьці аб’явіць атакай на Беларусь і тым самым патлумачыць усё яшчэ магчымае ўварванне Беларусі на тэрыторыю Украіны.
– І пры гэтым Беларусь нельга лічыць бокам узброенага канфлікту?
– Калі глядзець выключна на юрыдычнае міжнароднае прававое вызначэнне на базе рэзалюцыі ААН, якое я ўзгадваў, дык усё выразна і зразумела. Пазіцыя АБСЕ больш палітычная, у міжнародным праве не ўлічваюцца нюансы таго, хто кантралюе або не кантралюе сітуацыю, але ў рамках дакладу эксперты нейкім чынам бачаць, што Лукашэнку нельга лічыць кіраўніком Беларусі.
– А вось нядаўнія зняцці абмежаванняў на выезд з Беларусі, меркавалася, што людзі выедуць з краіны ці гэта для сваякоў чыноўнікаў зроблена?
– Я думаю, у тым ліку. Улічваючы існаванне такой інфармацыі, што шмат блізкіх чыноўнікаў, самі чыноўнікі стаяць у чэргах, каб атрымаць візы, думаю, што ў іх інтарэсах таксама пакінуць краіну.
– Пакінуць краіну да моманту нападу на Беларусь іншых краін ці што маецца на ўвазе?
– Я думаю, што ніхто не збіраецца нападаць на Беларусь. Пакуль улады самі не здзейсняць нейкія вар’яцкія дзеянні, не ўвяжуцца ў вайну яшчэ больш, чым увязаліся.
– Вы напэўна бачылі і дакументы, і магчыма ўдзельнічалі ў гэтым працэсе, калі Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў закон, дзякуючы якому беларусы змогуць атрымліваць гуманітарныя дазволы на жыхарства, гуманітарныя візы ў Польшчы?
– Па-першае, гэта вельмі добры крок, гэта ўраўноўвае сітуацыю беларусаў, якія апынуліся ў Польшчы з той сітуацыяй, у якой апынуліся ўкраінцы, якія беглі ў Польшчу. Я думаю, што гэта даніна таму факту, што колькасць беларусаў у Польшчы не памяншаецца, а павялічваецца. І я думаю, што польскія ўлады змогуць размяжоўваць і ацэньваць прычыны, па якіх беларусы падаюцца ў Польшчу на гуманітарныя візы. І не трэба думаць, што цяпер усе, нават тыя, хто спачуваў ці супрацоўнічаў з рэжымам у Беларусі, змогуць атрымаць гуманітарныя візы. Думаю, што гэты працэс будзе нармальна кантралявацца і візы будзе атрымліваць менавіта той, хто сапраўды мае патрэбу. Гэта вельмі добры крок, папраўкі дазволяць беларусам у Польшчы разлічваць на годнае жыццё і доступ да рынка працы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
З „Госцем Рацыі” спецыяльным прадстаўніком па выбарах кабінету Святланы Ціханоўскай, былым супрацоўнікам БДІПЧ АБСЕ Аляксандрам Шлыкам камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя