Аляксандр Шлык: У нас не будзе часу мяняць выбарчае заканадаўства



На правядзенне новай кампаніі па выбарах прэзідэнта, заснаванай на дэмакратычных прынцыпах, можа быць дастаткова паўтара месяца. Такое меркаванне падчас онлайн-прэс-канферэнцыі выказаў спецыяльны прадстаўнік беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык.

 

 

«Калі рэалістычна глядзець на рэчы і дазволіць выбарчай кампаніі працягвацца як мага больш доўгі тэрмін для таго, каб людзі паўдзельнічалі ў абмеркаванні кандыдатур, трэба разлічваць дзесьці на 60-65 дзён, каб правесці датэрміновыя выбары», – дадаў ён.

– Без таго, каб была палітычная воля, і без таго, каб было жаданне правесці добрыя выбары, – нічога не атрымаецца, як бы мы не стараліся з тэхнічнага боку. У нас не будзе часу і магчымасці зменяць заканадаўства аб выбарах калі з’явіцца магчымасць праводзіць новыя празрыстыя, сумленныя выбары. У нас не будзе такой магчымасці ў сілу двух фактараў: па-першае, у нас не будзе часу; а па-другое, у нас не будзе органа, які мог бы,  абапіраючыся на давер грамадзян, прыняць заканадаўчы акт, цяперашні парламент не карыстаецца даверам.

У сакавіку офіс Святланы Ціханоўскай апублікаваў распрацаваныя праекты палажэнняў аб падліку галасоў, працы назіральнікаў, зборы і праверцы подпісаў і аб фармаванні выбарчых камісій, якія прапанавана выкарыстоўваць у выпадку правядзення дэмакратычных выбараў кіраўніка дзяржавы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя