Аляксандр Сілкоў: Інтарэс да мясцовых выбараў зусім малы
Рэгіянальны кіраўнік кампаніі «Права выбару» Аляксандр Сілкоў распавёў пра падрыхтоўку назіральнікаў да выбараў у мясцовыя Саветы.
Аляксандр Сілкоў: Да гэтых выбараў, безумоўна, рыхтуемся і зараз выбіраем акругі, дзе будзем праводзіць назіранне. Перш за ўсё глядзім на кандыдатаў, якія збіраюцца ўдзельнічаць у кампаніі, а ўжо адсюль, як кажуць, і будзем танцаваць.
РР: Для назіральнікаў мясцовыя выбары нечым адрозніваюцца ад парламенцкіх?
Аляксандр Сілкоў: Падчас парламенцкай кампаніі вельмі важным чыннікам для нас была яўка выбарцаў. І назіранне падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў паказала, што, напрыклад, у Менску нідзе выбары не адбыліся. А на мясцовых выбарах наша мэта падтрымаць найбольш моцных кандыдата ад дэмакратычнай супольнасці, каб паказаць, ці быў адкрыты падлік галасоў. Калі ўсе будзе празрыста, і назіральнікі дапамогуць такім чынам некаму перамагчы, то наогул будзе цудоўна. Мы не ставім перад сабой мэту “падганяць” факты пад зараней вядомую ацэнку, што, маўляў, выбары абавязкова сфальсіфікаваныя. У аснову назірання будуць закладзены толькі факты таго, што будзе адбывацца на самай справе.
РР: А наколькі цікавыя выбары ў мясцовыя Саветы для палітыкаў і звычайных беларусаў?
Аляксандр Сілкоў: Мне здаецца, што яны малацікавыя для ўсіх. Калі падчас парламенцкай ці прэзідэнцкай кампаніі грамадскія арганізацыі і партыі хочуць больш працаваць, то зараз інтарэс, як ужо бачым, не вельмі вялікі. І такая абыякавасць назіраецца ва ўсіх. І ў палітыкаў, і ў выбарцаў. Мы паспрабуем вызначыць рэальную актыўнасць насельніцтва, але адчуванне такое, што яна не будзе высокай.
РР: Можа быць, нешта зменяць да гэтай кампаніі ў Выбарчым законе?
Аляксандр Сілкоў: Я ўпэўнены, што нейкія змены абавязкова будуць, але не істотныя. А вось адкрытага падліку галасоў, уключэння ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі, скасавання традыцыі масавага датэрміновага галасавання, як і раней, не дачакаемся. Не веру, што ўлады на гэта пойдуць нават падчас мясцовых выбараў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя