Аляксандр Сілкоў: Шмат назіранняў не бывае



Рэгіянальны кіраўнік кампаніі «Права выбару» Аляксандр Сілкоў распавядае пра тое, што на гэтых прэзідэнцкіх выбарах назіранне будзе беспрэцэдэнтнае.

Аляксандр Сілкоў: Напэўна, у мінулыя гады мы так добра паназіралі, што зараз нас запісалі ледзь не ў асноўныя ворагі спакойнага выбарчага працэсу, а таму Цэнтрвыбаркам і заклікаў сабе ў дапамогу каронавірус, абмежаваўшы колькасць назіральнікаў.

Але нават ва ўмовах пандэміі праз анлайн-трэнінгі ў нас прайшло навучанне каля 700 назіральнікаў, і людзі, безумоўна, плануюць прыходзіць на выбарчыя ўчасткі. У выпадку адмовы будзем падаваць скаргі.

Таксама будзем дамагацца, каб нашы назіральнікі прысутнічалі пры падліку галасоў. Натуральна, усе свае крокі будзем рабіць у межах закона.

РР: Сёлета на выбарчыя ўчасткі наогул могуць не дапусціць незалежных назіральнікаў?

Аляксандр Сілкоў: Цалкам магчыма. Мяркую, Цэнтрвыбаркам наўмысна зрабіў абмежаванні па назіральніках, бо ім непатрэбны лішнія вочы.

РР: На сайце ініцыятывы «Голас» ужо зарэгістраваліся больш за 500 тысяч чалавек. Яны дэкларуюць гатовасць прыйсці на ўчасткі, прагаласаваць за свайго кандыдата, сфатаграфаваць бюлетэнь і даслаць здымак. Як вам гэтая ініцыятыва?

Аляксандр Сілкоў: Шмат назіранняў не бывае, таму я ўсцешаны, што такі праект існуе. І, дарэчы, мы дапамагалі метадалагічна кампаніі «Сумленныя людзі», якія і запусцілі гэтую ініцыятыву.

Добра, што да яе далучылі грамадства. Гэта больш момант грамадскай актыўнасці, хаця вынікі не будуць мець ніякага значэння і не будуць на нешта ўплываць.

Радуе і тое, што людзі сталі больш актыўнымі. Раней у межах нашай кампаніі было вельмі складана знаходзіць людзей для назірання, гэта была велізарная праблема. А зараз у мяне такое адчуванне, што ўсе хочуць быць назіральнікамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя