Аляксандр Сілкоў: У 18 акругах будзе праведзена татальнае назіранне
Рэгіянальны кіраўнік кампаніі „Права выбару” Аляксандр Сілкоў распавёў пра падрыхтоўку назіральнікаў да парламенцкіх выбараў.
Аляксандр Сілкоў: Зараз у 18 акругах мы праводзім інфармацыйна-мабілізацыйную кампанію. Гэта азначае, што кандыдат праводзіць інфармацыйную кампанію па нейкай праблеме, спрабуе яе вырашыць і мабілізуе тых людзей, якія будуць назіраць за выбарамі.
У выніку ў нас будзе 18 акругоў, дзе будзе праведзена татальнае назіранне. Кожную секунду на кожным участку будзе прысутнічаць назіральнік.
РР: І што гэта ў выніку дасць?
Аляксандр Сілкоў: Па-першае, мы зможам дакладна ведаць, пра адсотак яўкі выбаршчыкаў. Па-другое, пабачым, якім будзе падлік галасоў – закрыты ці галосны.
Дарэчы, у гэтых акругах мы будзем накіроўваць не менш чым 50 адсоткаў людзей у акружныя і ўчастковыя камісіі. Зараз рыхтуем назіральнікаў, праводзім для іх трэнінгі.
РР: Як вы выбіралі акругі для назірання?
Аляксандр Сілкоў: Назіраць будзем там, дзе збіраюцца балатавацца вядомыя ў кріане палітыкі – лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч…
РР: Хапае рэсурсаў?
Аляксандр Сілкоў: Шчыра кажучы, людзі стамляюцца, таму часам самому даводзіцца прасіць іх папрацаваць. Справа ў тым, што большасці беларусам выбары, што называецца да лямпачкі, і іх наогул не цікавіць, што там адбываецца. Часам наогул не разумееш, для каго працуеш.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя