Аляксандр Старыкевіч: Канфлікт ва Украіне прынёс Лукашэнку сур’ёзныя дывідэнды
Наш госць галоўны рэдактар інтэрнет-выдання “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч. Тэма – трохбаковая група, якая збіраецца ў Менску. Паведамляецца пра тое, што яны размаўляюць у Заслаўі адносна сітуацыі ва Украіне.
РР: Першае пытанне, якое хацелася бы з Вамі абмеркаваць: чаму гэтая сустрэча адбывалася як бы таемна, ніякай інфармацыі журналістам не паведамлялася? Я хачу нагадаць, што напярэдадні, учора літаральна казалі пра Леаніда Кучму, што ў дабрачынным фондзе Украіны, якім ён кіруе, адмаўляліся казаць: ці паедзе ён у Беларусь. Заяўлялі: “Леанід Данілавіч у адпачынку”. А тут высвятляецца і БЕЛТА пра гэта паведамляе, што Кучма сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Чаму мала было інфармацыі для незалежных сродкаў масавай інфармацыі, чаму гэтая сустрэча была такой патаемнай.
Аляксандр Старыкевіч: Гэта звычайная, а ў дадзеным выпадку нават стандартная сітуацыя. Па-першае, верагоднасць правалу больш верагодная, чым поспех. І таму, натуральна, ніхто не хоча каментаваць няўдзячную справу перад яе пачаткам. З вялікай доляй верагоднасці няўдзячную справу. Лепей ужо потым, калі раптам нешта атрымаецца, ужо тады “хадзіць гогадем” і рабіць заявы для прэсы. Па-другое, сітуацыя ў такой ступені далікатная ў звязку з тым, што малазійскі Боінг досыць сур’ёзна змяніў стаўленне Захаду да таго, што адбываецца ва Украіне. Я думаю, што зараз ідзе вельмі сур’ёзны гандаль, дэталі якога некаторыя бакі не зацікаўленыя, каб былі агучаныя. І пэўная сакрэтнасць перамоваў ёсць патрабаванне таго, каб можна было на нешта разлічваць, бо відавочна, што Маскве трэба неяк “захоўваць твар” і, у прынцыпе, заганяць яе ў кут Захад таксама не збіраецца. Спрабуюць нейкі чынам у гэтай сітуацыі дамовіцца. Але дзеля гэтага трэба весці сябе вось такім вось чынам.
РР: Спадар Аляксандр, а Беларусь, як пляцоўка для гэтых перамоваў: ці гэта сапраўды добрае месца, бо ў інтэрнеце шмат крытыкі было, бо Аляксандр Лукашэнка таксама не можа пахваліцца, што ён вельмі дэмакратычны лідар, які не залежыць ад Уладзіміра Пуціна.
Аляксандр Старыкевіч: Як кажуць нашыя суседзі: каму вайна, а каму – маць радна. Гэты канфлікт украінскі пакуль што Лукашэнку прынёс вельмі сур’ёзныя дывідэнды. І тое, што перамовы адбываюцца менавіта ў Беларусі, гэта чарговы з прыемных момантаў. Уявіць сабе нашу краіну як пляцоўку для падобных сустрэчаў яшчэ некалькі месяцаў таму было амаль немагчыма, а тут атрымліваецца, што на тле Януковіча, на тле Пуціна Лукашэнка раптам пачаў выглядаць як небездакорны кіраўнік, канечне, але масавых забойстваў не было, уварвання на тэрыторю суседняй краіны не было… Усё адносна ў гэтым свеце.
РР: На фоне іншых ён выглядае прыстойным кіраўніком?
Аляксандр Старыкевіч: Я бы не ўжываў такія моцныя выразы, але, калі ён быў апошні дыктатар Еўропы. І наадварот – Пуцін на тле Лукашэнкі выглядаў больш-менш прыстойна. То цяпер яны фактычна памяняліся ралямі. Крытыкаваць, канечне, можна, але давайце паспрабуем уявіць: а якая пляцоўка падыйшла бы? Дзе яшчэ могуць адбывацца падобныя перамовы? Цяжка сабе ўявіць, каб пагадзіліся расіяне ды сепаратысты ехаць на гэтыя перамовы ў Брусель? Ці ў любую краіну Еўразвязу. Натуральна, што Украна супраць таго, каб адбывалася гэтая сустрэча ў Расеі. І, калі выносіць на нейтральную тэрыторыю, па-за межы Украіны, то атрымліваецца, што амаль адзіны варыянт.
РР: Калі ўжо гаварыць пра Аляксандра Лукашэнку, калі гэтыя перамовы атрымаюцца і будзе плён, як Вы думаеце: ці будзе гэта нагодай, каб Еўрапейскі звяз нейкія прэферэнцыі дараваў Аляксандру Лукашэнку?
Аляксандр Старыкевіч: Хто ведае? Давайце пачакаем таго, як будуць разгортвацца перамовы, бо яны яшчэ не адбыліся, яны яшчэ поспеху не прынеслі. Сітуацыя можа мяняцца досыць хутка. Напрыклад, перамовы будуць паспяховымі, але пакуль Еўразвяз, які з’яўляецца досыць бюракратычнай струкурай, паварочваецца марудна, прыдумае нейкія пункты для Лукашэнкі, у нас можа адбыцца нешта, што нагоду для гэтых бонусаў скасуе. Тут, хутчэй, я бы сказаў пра маральныя дывідэнды, хаця і кароткатэрміновыя, але: “Вось глядзіце наша краіна, сапраўды, цэнтр Еўропы. Да нас едуць, нас выкарыстоўваюць, як аўтарытэтных пасярэднікаў”. Хоць Лукашэнка і казаў, што з нянавісцю ставіцца да гэтай функцыі. .
РР. Ці можам мы разлічваць, што менавіта гэтыя перамовы зменяць сіуацыю ва Украіне?
РР. Прагназаваць можна ўсё што заўгодна. Але спадзявацца развязаць той вузел, які там існуе цягам адных перамоваў, якія будуць доўжыцца не самы працяглы час, вельмі рызыкоўна. Пабачым. Калі ўзнікаюць падобныя канфлікты, то развязваюцца яны вельмі складана.
Гутырыў Улад Грынеўскі,Беларускае Радыё Рацыя