Аляксандр Ярашук: Чыноўнікаў з адной кішэні дастануць – у іншую пакладуць



Лукашэнка збіраецца ўдвая скараціць дзяржапарат. Што атрымаецца з гэтай акцыі і ці не пойдуць скарочаныя чыноўнікі за дапамогай у незалежныя прафсаюзы? Пра гэта разважае старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычнага прафсаюза Аляксандр Ярашук.

Па словах Лукашэнкі, за кошт чарговага скарачэння дзяржапарату будзе павышана заработная плата дзяржаўных служачых, а таксама іх статус.

Папярэдняе скарачэнне чыноўнікаў было ў мінулым годзе. Тады свае пасады страцілі каля 25% дзяржслужачых.

Аляксандр Ярашук: Найперш хачу сказаць, што бюракратыя – гэта з’ява, якая прысутнічае шмат дзе, і паўсюль з ёй ідзе барацьба. І, калі ёсць нейкія праблемы ў краіне, то гэтая барацьба разгортваецца з новай сілай, бо спіхнуць адказнасць на чыноўнікаў заўсёды прасцей і дае эфект з палітычнымі дывідэндамі. Таму, хоць у нас і кажуць, што скарачэнне звязана з іншым, але, як мне падаецца, вышэйназваны чыннік таксама прысутнічае. Набліжаюцца прэзідэнцкія выбары, электарат будзе задаволены чарговай барацьбой з чыноўнікамі… Бо яшчэ ж зусім нядаўна, у мінулым годзе, дзяржапарат скарацілі на 25 адсоткаў.

РР: Куды пойдуць бедныя дзяржаўныя чыноўнікі?

Аляксандр Ярашук: Туды, куды ж і 25 адсоткаў у мінулым годзе. Здаецца, ніхто з іх без працы не застаўся. Працаўладкуюць у нейкія паралельныя арганізацыі, на прадпрыемствы… На гэтым усё і закончыцца. Так што, думаю, на гэтую падзею наогул няма ніякага сэнсу звяртаць шмат увагі. Тут больш піяр, чым сапраўдная спроба весці барацьбу з бюракратыяй, хоць гэтая праблема для Беларусі вельмі і вельмі істотная. Таму што дзяржава, якая мае на мэце кантраляваць усе працэсы перадусім у эканоміцы, заўсёды вельмі абцяжарана бюракратычным апаратам. І адміністрацыйнымі захадамі такая праблема не вырашаецца. Яе вырашэнне – у радыкальным рэфармаванні эканамічнай і палітычнай сістэмы, а не ў скарачэннні чыноўнікаў па метаду “з адной кішэні дасталі – у іншую паклалі”.

РР: Можа скарочаныя чыноўнікі будуць звяртацца за дапамогай па абароне сваіх правоў у незалежныя прафсаюзы?

Аляксандр Ярашук: Я магу адказна сказаць, што не будзе там ніякіх пацярпелых. Усе знойдуць новыя месцы. Хіба што будзе ў іх нейкае шкадаванне ад таго, што панізяць у статусе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя