Аляксандр Ярашук: Думаю, пазбаўлення волі не будзе



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук прагназуе, які прысуд можа быць вынесены па “справе прафсаюзаў”.

Нагадаем, што Следчы камітэт абвінавачвае кіраўніка незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і бухгалтара Ігара Комліка ў нясплаце падаткаў. Ім пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без яе.

Да 8 чэрвеня прафсаюзныя лідары будуць вывучаць матэрыялы сваёй крымінальнай справы, затым яна будзе перададзена ў пракуратуру і ў суд.

Аляксандр Ярашук: Думаю, турэмных прысудаў, звязаных з пазбаўленем волі, не будзе. Хутчэй за ўсё, Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку дадуць вялікі штраф альбо абмежаванне волі з канфіскацыяй нейкай маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады ў грамадскіх арганізацыяй. Магчыма, я памыляюся, але справа ідзе менавіта да гэтага. Гэта будзе аптымальнае рашэнне для ўладаў, якім зараз не патрэбны новыя палітвязні. Дарэчы, штосьці падобнае было ў мінулым годзе і з лідарам незалежнага прафсаюза Казахстана. Так што змест артыкула ў постсавецкіх краінах прыкладана аднолькавы. І прыкладна аднолькавае будзе пакаранне.   

РР: Ці напалохалі ўлады гэтай справай незалежныя прафсаюзы?

Аляксандр Ярашук: Знешне выглядае, што гэта была рэакцыя ўладаў на вясновыя пратэсты 2017 году, якія падтрымлівалі незалежныя прафсаюзы. Яны перапоўнілі чашу цярпення ўладаў, а таму і з’явілася справа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя