Аляксандр Ярашук: Краіна вяртаецца да стандартаў СССР



З 1 студзеня павінен уступіць у дзеянне Дэкрэт аб адказнасці і правах кіруючых работнікаў. Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавядае, ці патрэбна Беларусі прыняцце такога дакумента.

Лукашэнка запатрабаваў у самы кароткі тэрмін прадаставіць яму на разгляд дэкрэт, які, як мяркуецца, уступіць у дзеянне з 1 студзеня.

“Крок улева, крок направа гэтага кіраўніка, чытай губернатара, старшыні райвыканкама, чальца ўрада, прэм’ер-міністра, — непазбежная пагібель! – заявіў афіцыйны лідар. – Але для таго, каб не загінуць, у яго павінны быць быць рычагі ўдзеяння на той калектыў, які яму падначалены”.

Аляксандр Ярашук: З пункту гледжання той сістэмы, якую пабудавала ўлада, гэты дэкрэт вельмі прагназуемы і было б дзіўна, каб такія дакументы не з’яўляліся. Краіна вяртаецца да стандартаў Савецкага Саюза. Мы жывём у час, калі найперш умовы дыктуюць эканамічныя законы, а спрабуем дзейнічаць метадамі ваеннага часу, калі мабілізацыя ўсіх рэзерваў апраўдвалася. Таму для мяне відавочна адно – ніякую лібералізацыю ўлады праводзіць не збіраюцца, і характар палітычнай сістэмы не зменіцца. Ёй пастаянна трэба з некім змагацца. З Захадам, дармаедамі, кіраўнікамі, якія ў сваю чаргу змагаюцца з работнікамі… Усё жыццё – змаганне. Але сваіх памылак ніхто не прызнае.

РР: У кіраўнікоў павінны быць “рычагі ўдзеяння на той калектыў, які яму падначалены”. А што, зараз іх няма?

Аляксандр Ярашук: Ёсць, натуральна, бо практычна ўсе работнікі знаходзяцца на працоўных кантрактах. Кіраўнік можа зрабіць пры жаданні з чалавекам усё што заўгодна, каб той быў цішэй вады і ніжэй травы. Я толькі вярнуўся з Бабруйска, дзе праводзяць галадоўку сябры незалежнага прафсаюза. Яны лепшыя работнікі, а іх звальняюць. Майстры просяць, каб не звальнялі, бо трэба будзе ўчастак закрываць. Але, тым не менш, пазбаўляюцца ад гэтых людзей. Якія яшчэ “рычагі” неабходна даць кіраўніку для “ўздзеяння на калектыў”? Можа, дазволіць фізічную расправу? Сумнавядомы дэкрэт, які забараняе чалавеку звальняцца з дрэваапрацоўчага прадпрыемства, – гэта наогул прымусовая праца.

РР: Што зменіцца ў працы кіраўнікоў пасля выхаду суадноснага дэкрэта?

Аляксандр Ярашук: Магчыма, размова ідзе пра тое, каб увесці адказнасць за невыкананне нейкіх планавых паказчыкаў, правал той жа мадэрнізацыі. Зараз ідзе судовы працэс над кіраўніком “Барысаўдрэва”, але да яго ў асноўным нейкія агульныя прэтэнзіі. А дэкрэт, магчыма, гэтыя агульныя прэтэнзіі перакваліфікуе ў абвінавачванне. Так што судовых працэсаў над кіраўнікамі, думаю, толькі дабавіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя