Аляксандр Ярашук: Нафты ў абмен на пацалункі больш не будзе
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук выказаў сваё стаўленне да “паглыбленай інтэграцыі” Расеі і Беларусі.
Беларусь і Расея дамовіліся да 21 чэрвеня падрыхтаваць праграму дзеянняў па інтэграцыйным ўзаемадзеянні ў Саюзнай дзяржаве. У гэты дзень прэм’ер-міністры дзвюх краін Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў правядуць у Менску сустрэчу.
Аляксандр Ярашук: Мы ведаем, на якім фундаменце з самага пачатку грунтавалася Саюзная дзяржава. Было відавочна, што з гэтай авантуры нічога не атрымаецца. Гэта перадусім быў палітычны праект, а не нейкі прагматычна-эканамічны.
Амбіцыйныя прапановы наконт “рэвізіі Саюзнай дзяржавы” ідуць найперш з расейскага боку, а вось беларускія ўлады пераследуюць адну нязменную мэту – мець ад Расеі як мага больш эканамічных прэферэнцый, каб і надалей не змяняць сацыяльна-эканамічную палітыку.
РР: Расейскіх прэферэнцый больш не будзе?
Аляксандр Ярашук: Іх не будзе ў тым аб’ёме, у якім яны паступалі раней. Масква зараз, спасылаючыся на тыя дакументы, якія ў свой час падпісаў Аляксандр Лукашэнка, будзе дамагацца, каб адбывалася рэальная інтэграцыя. Іншая рэч, наколькі ўсё далёка зойдзе.
Не думаю, што размова ідзе пра поўнае паглынанне краіны альбо сілавы варыянт развіцця падзей, а вось эканамічны ціск працягнецца, і нічога яму дырэктыўная беларуская эканоміка не супрацьставіць.
РР: З двух бакоў створаны працоўныя групы, якія займаюцца інтэграцыяй. Што можа быць на першым яе этапе?
Аляксандр Ярашук: На першым этапе падпішуць нейкія дакументы, не выключаю, што беларускі бок дасць пэўныя абяцанні і згоду на інтэграцыйныя працэсы, каб атрымаць хаця б нейкія грашовыя субсідыі.
Але відавочна, што беларускія ўлады не будуць выконваць гэтыя абяцанні. Хутчэй за ўсё, пачнецца бясконцае ўзгадненне розных пытанняў, дыскусіі, зробяць усё, каб пагадненні не выконваліся.
РР: Не так даўно з Беларусі са скандалам адправілі дадому расейскага пасла Міхаіла Бабіча…
Аляксандр Ярашук: Гэта яшчэ раз паказвае, што ранейшых сяброўскіх стасункаў паміж краінамі больш ужо не будзе. І, мяркую, тактычная перамога над Расеяй, якая заключалася ў высылцы Бабіча, яшчэ адгукнецца беларускім уладам. Магчыма, рашэнні Крэмль будзе прымаць абсалютна прагматычныя, і нафты ў абмен на пацалункі больш не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя