Аляксандр Ярашук: Страйкі носяць перадусім палітычны характар
Эфект ад страйкаў у сучасных умовах носіць больш палітычны, чым эканамічны характар. У гэтым перакананы наш сённяшні Госць Рацыі, старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Эксперт у галіне працы адзначыў, што пратэсты на прадпрыемствах ды ўстановах працягваюцца, проста яны маюць розныя формы.
РР: Ваша ацэнка сітуацыі са страйкамі. У які бок яны рухаюцца і чаму?
Аляксандр Ярашук: Хваля не спадае. Я мяркую, што, канешне, гэта настрой людзей. Яны адгукнуліся на заклік Святланы Ціханоўскай, і, канешне, трэба мець на ўвазе, што вось гэты пратэст жыве ў рабочых і ў тых ці іншых формах ён павінен быў мець месца. І ён адбываецца ў розных формах, у тым ліку і ў адкрытых страйках, як у класічных на “Гродна Азот”, ці на электратэхнічным заводзе. Але многія практыкуюць тую ж “італьянку”, сабатаж, ігнараванне распараджэння адміністрацыі. І, канешне, уплывае тое, што рэжым абсалютна не адэкватны, і абсалютна ніяк не рэагуе акрамя ціску, акрамя пераследу, акрамя распраў, у тым ліку і судовых. І таму мы бачым, што штодзень дадаюцца людзі, гэта і “Беларуськалій”, гэта і “Гродна Азот”, і іншыя прадпрыемствы. І можна казаць пра тое, што хваля не спадае, хаця можна было чакаць, што пасля мінулага тыдня яна пойдзе на спад.
РР: Пасля тых страйкаў, якія ўжо адбыліся, якія наступствы для дзяржавы?
Аляксандр Ярашук: Перадусім трэба размову весці не пра нейкія эканамічныя наступствы, таму што мы ведаем, у якім стане беларуская эканоміка, і не толькі апошнім часам, што яна стратная, неканкурэнтназдольная, асабліва што тычыцца дзейнасці буйных прамысловых прадпрыемстваў. А менавіта ад іх чакаўся ўдзел у страйку. Калі яны нават і не працуюць, можа быць гэта і не так кепска, таму што калі выраб прадукцыі нясе выдаткі, то можа хай яна пакуль і не працуе. Галоўныя, канешне, страты, што датычаць дзяржавы, – гэта не эканамічныя, а палітычныя. Відавочна, палітычныя страты для рэжыму – прыбыткі для дэмакратычных сілаў, для тых, хто галасаваў са Святлану Ціханоўскую, за перамены ў краіне, палітычныя прыбыткі на баку беларускага народу.
РР: Часта гучыць меркаванне, што выходзіць з тысячы толькі 20 працаўнікоў, і што гэта нічога не дае. Ці гэта так?
Аляксандр Ярашук: Гэта абсалютна памылковы погляд. Мы яшчэ ў сваім уяўленне, як напэўна і ўся краіна, засталіся дзесці ў другой палове 20 стагоддзя, можа ў сярэдзіне. Нібыта што калі не выходзіць вялікая колькасць людзей на страйкі, то гэта нічога не дае. Гэта дае. Пра палітычны сэнс я ўжо казаў. Тут не працуе арыфметыка. Тут працуюць зусім іншыя законы – сацыялагічныя, гуманітарныя, чалавечыя. І, канешне, гэта дае моцны сігнал для ўсяго грамадства, што супраціў жыве, што ён пашыраецца і што беларусы ніколі не пагодзяцца з тым, што тыя, хто ўзарпаваў уладу, могуць заставацца надалей.
Аляксандр Ярашук перакананы, што ў сучаснай Беларусі для дасягнення палітычных мэтаў дастаткова заявы некалькіх працоўных на прадпрыемстве аб спыненні працы. Зусім не абавязкова страйкаваць тысячамі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота naviny.by