Аляксандр Ярашук: Такія людзі, як Румас, заўсёды будуць запатрабаваныя



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук пракаментаваў анансаваную змену ўрада і яго кіраўніка.

 

Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка заявіў аб змене ўрада да заканчэння выбараў і ўдакладніў, што новы склад ён абвесціць адразу пасля сваёй рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.

Пасля гэтага адзін з Тэлеграм-каналаў паведаміў, што прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас ужо падаў прашэнне аб сваёй адстаўцы. Праўда, афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі пакуль няма.

Аляксандр Ярашук: Я ведаю, што Сяргей Румас па меншай меры тройчы ўжо пісаў заявы, у якіх прасіў адстаўку. І ўсялякі раз беларускі кіраўнік гэтыя прашэнні адхіляў.

Шчыра кажучы, вельмі шкада, калі Румас пакіне гэтую пасаду. Прыстойны чалавек і сапраўдны прафесіянал. Абсалютна сучасны прэм’ер-міністр і менеджар. Мяркую, ён добра выконваў бы свае абавязкі ў складаныя часы для краіны, якой патрэбны рэформы.

РР: На якой пасадзе можа апынуцца Сяргей Румас?

Аляксандр Ярашук: Такія людзі, як ён, заўсёды будуць запатрабаваныя, і ў свой час яшчэ спатрэбяцца Беларусі, бо гэтая ўлада не вечная. Многія абураны яе дзеяннямі. І эканоміку давялі да такога стану, што без знешняй дапамогі, самі нічога зрабіць не могуць, і сітуцыя з каронавірусам паказала, чаго вартыя нашы кіраўнікі.

Калі Румас вырашыў напісаць прашэнне аб адстаўцы, то я задаволены, што ён вырашыў пакінуць гэты вар’яцкі карагод. Паўтаруся, такія прафесіяналы яшчэ спатрэбяцца для будаўніцтва новай Беларусі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН