Аляксандр Ярашук: Тое, што адбываецца – гэта надзвычайнае здарэнне



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук пракаментаваў змены ў Працоўны кодэкс, якія ў хуткім часе будуць прыняты.

Нагадаем, што прапанаваныя Саветам міністраў змены ў працоўным заканадаўстве былі адобраны дэпутатамі ў першым чытанні. Спіс падстаў для звальнення работнікаў пашырыўся: скасаваць працоўную дамову наймальнік зможа, у тым ліку, за “адсутнасць на працы ў сувязі з адбываннем адміністрацыйнага арышту”, а таксама заклікі да страйку і ўдзел у ім.

Аляксандр Ярашук: З гэтай нагоды Кангрэс прыняў адмысловую заяву і літаральна сёння звярнуліся да Генеральнага дырэктара Міжнароднай арганізацыі працы (МАТ) з запытам на неадкладнае ўмяшальніцтва ў сітуацыю, бо тое, што адбываецца – гэта надзвычайнае здарэнне.

РР: Парушаны міжнародныя пагадненні?

Аляксандр Ярашук: Парушана ўсё, што толькі можна, і найперш – Канвенцыя 87 МАТ “Аб свабодзе асацыяцый і абароне права на арганізацыю”.

Можна сказаць, перакрэслены сацыяльны дыялог, хаця ўлады заўсёды сцвярджаюць, што ён ёсць.

Мы запатрабавалі тэрміновай рэакцыі на сітуацыю з правамі працоўных з боку Міжнароднай арганізацыі працы, і кіраўніцтва МАП ужо пацвердзіла, што працэдура запушчана.

Адным словам, зараз працоўныя становяцца яшчэ менш абароненымі і пазбаўляюцца элементарных правоў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя