Аляксандр Ярашук: Трэба рабіць ход канём
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавядае пра магчымасці аб’яднання апазіцыі.
Аляксандр Ярашук: Сёння трэба знаходзіць любыя спосабы і ідэі, каб дэмакратычныя сілы аб’ядналіся. І, паколькі партыям і рухам не ўдалося аб’яднацца ў якасці юрыдычных асоб, то, як магчымы варыянт, я прапанаваў бы аб’яднанне ў якасці фізічных асоб. І тады здымаюцца праблемы, хаця гэта, натуральна, крыху экзатычная прапанова. Магчыма, ніхто гэтага і не будзе рабіць, але ж, калі не падабаецца гэтая ідэя, тады шукайце іншыя. Генерыруйце іх, ажыццяўляйце, каб быў нейкі рух наперад.
РР: Але многія кажуць, што сёння рэальнае аб’яднанне апазіцыі проста немагчыма…
Аляксандр Ярашук: Нам патрэбныя розныя тактыкі і стратэгіі, якія маглі б браць ініцыятыву ў свае рукі. Уявім сабе, што дэмакратычныя сілы зацікавіліся ідэяй аб’яднання і сабраліся ўсе без выключэння. Сабраліся і стварылі ўмоўна кажучы аб’яднаную Партыю дэмакратаў Беларусі, якая знаходзіцца над усімі структурамі. Падалі дакументы на рэгістрацыю. І гэта цудоўны ход канём! Апазіцыя зрабіла крок, а мяч на баку ўлады. Што яна скажа на гэты конт? Дарэчы, чаму да гэтага часу улада не афармляе ніякай сваёй партыйнай структуры? Таму што ўлада не зацікаўлена запускаць палітычны працэс. Калі пачне гэта рабіць, то ёй трэба пераходзіць да выбараў па партыйных спісах. А значыцца, ёсць шанц, што нейкая партыя патрапіла б у парламент. Але ж гэтага не адбываецца. Таму я і выступаю з прапановай стварыць фундамент для рэальнага аб’яднання.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя