Аляксандр Ярашук: Трэба садзіцца за стол перамоваў і дамаўляцца
Чарговы з’езд Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які ў выходныя адбыўся ў Менску, звярнуўся да ўладаў краіны з заклікам неадкладна пачаць дыялог з грамадствам. Пра гэта распавёў у эфіры нашага радыё старшыня БКДП, зноў пераабраны на гэтую пасаду, Аляксандр Ярашук:
– Мы прынялі зварот і заяву. Зварот да беларускага народу, да ўлады, да элітаў нашай краіны, да міжнароднай супольнасці. Сэнс зводзіцца да таго, што тое, што мы назіраем, а менавіта паглыбленне вострага палітычнага крызісу, вядзе краіну да катастрофы. І мы тут, напэўна, не арыгінальныя. Любы чалавек, які назірае за падзеямі, з трывогай адзначае, што мы рухаемся да трагедыі. Бо тое, што абраў існы рэжым у якасці сродка камунікацыі з грамадзянамі краіны, з міжнароднай супольнасцю, нічым добрым не скончыцца. Гэта відавочна. І мы зыходзім з таго, што адзінае выйсце – гэта дыялог. Трэба садзіцца за стол перамоваў і прымаць рашэнні як крок за крокам выходзіць з гэтага вострага палітычнага і можна казаць ужо прадвесніка сацыяльна-эканамічнага крызісу. Таму што мы рухаемся ў гэтым кірунку. І мы заклікаем усіх беларусаў, незалежна ад іх поглядаў, каб яны нас падтрымалі. І таксама патрабавалі ад уладаў, рэжыму сесці за стол перамоваў. І такім чынам выходзіць з гэтага крызісу. Мы таксама заклікаем міжнародную супольнасць, каб яна паўплывала сваімі сродкамі. І Расею заклікаем, таму што ведаем, што яна можа ўплываць на нашу сітуацыю. І яе кіраўніцтва некалькі разоў казала, што ў Беларусі неабходны дыялог уладаў з грамадствам. Мы заклікаем Міжнародную арганізацыю працы. І я не раблю сакрэта з таго, што мы ўзгаднялі сваю заяву менавіта з імі і казалі пра тое, што будзе такі зарот.
РР: Але заклікі да дыялогу гучалі яшчэ ў жніўні 2020 года. Улады своеасабліва адрэагавалі на гэтыя заклікі. Чаму вы думаеце, што зараз будзе іншая рэакцыя? Магчыма, санкцыі іх падштурхнуць?
Аляксандр Ярашук: Мы якраз пра гэта і кажам. Пакуль яшчэ санкцыі не запрацавалі як след, але яны запрацуюць безумоўна. Тут справа часу. І мы, як незалежныя прафсаюзы, з велізарнай занепакоенасцю чакаем гэтага моманту. Таму што перадусім гэта ўдарыць па працоўных. І мы хацелі б у якасці ўмоў гэтага дыялогу з боку ўладаў, каб яны спынілі пераслед, рэпрэсіі, тэрор і гвалт, якія зараз адбываюцца, вызваліць усіх палітвязняў і тых, хто асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту. І тады мы, я маю на ўвазе Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, незалежныя прафсаюзы і ўсе палітычныя і грамадскія арганізацыі, якія змаглі б браць удзел у гэтым дыялогу, звярнуцца да ЕЗ, да Злучаных Штатаў з заклікам прыпыніць на перыяд гэтага дыялогу эканамічныя санкцыі. І калі насамрэч дыялог будзе прыносіць плён, то мы зможам такім чынам і адхіліць пагрозу санкцый у далейшым. І гэта магчыма ключавы момант у нашым звароце, таму што любы нармалёвы чалавек не можа жадаць уступлення ў поўную сілу санкцый, таму што наступствы іх непрадказальныя. З гэтага пункту гледжання мы не бачым альтэрнатывы перамовам і дыялогу, таму што ўсё астатняе – і эскалацыя тэрору і гвалту, рэпрэсіі і эскалацыя з прыняццем санкцыяў, вядзе насамрэч да разбурэння дзяржаўнасці, да развязвання непрадказальных наступстваў, якія могуць паставіць пад пагрозу і наогул існаванне нашай дзяржавы і яе незалежнасці.
Гэта ўжо не проста гульня дзеля захавання ўлады, гэта гульня лёсам беларускай нацыі і дзяржавы, небяспечная гульня жыццямі людзей, – падкрэсліў Аляксандр Ярашук.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя