Аляксандр Ярашук: Улады баяцца эканамічнай свабоды



Чыстыя страты прамысловых прадпрыемстваў Беларусі на працягу года перавысілі 780 мільёнаў даляраў. Паводле дадзеных нацыянальнага статыстычнага камітэта, гэта ў 2 разы болей, чым у мінулым годзе. Пры гэтым страты на адну арганізацыю складаюць у сярэднім 1 мільён 300 тысяч даляраў, што па словах старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука сведчыць аб неэфектыўнасці беларускай эканамічнай мадэлі.

– Беларускі рэжым існуе выключна дзякуючы таму, што ён цалкам кантралюе эканамічную сітуацыю. Ён проста не можа дазволіць сабе рызыкі – эканамічную лібералізацыю, развіццё малога і сярэдняга бізнесу – таму што ён разглядае гэта ўсё як трансфармацыю эканамічнай свабоды ў палітычную, і ў адзін з момантаў ён проста можа абрынуцца.

На працягу года колькасць стратных прамысловых арганізацый у Беларусі павялічылася больш як на сто адзінак – цяпер гэтая лічба перавысіла 570. Гэта значыць, што кожнае трэцяе прамысловае прадпрыемства краіны з’яўляецца нерэнтабельным.

Беларускае Радыё Рацыя