Аляксандр Ярашук: Я большага тэрміну чым два гады не даю
Прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі набыла драматычныя рысы. Пра перыпетыі палітычнай барацьбы і шанцах на змены разважае госць Рацыі Аляксандр Ярашук.
РР: Раней вы не выключалі магчымасці, што будзеце ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Зараз, дзякуеце Богу, што не ўдзельнічаеце? Ці наадварот – шкадуеце?
Аляксандр Ярашук: Я насамрэч не дзякую Богу, таму што ўсялякі адказны перад краінай чалавек павінен думаць аб тым, якім чынам усё ж такі зрабіць свой унёсак, каб змяніць нарэшце наш незайздросны лёс. І я, канешне, быў намераны, у мяне былі планы браць удзел, але, на вялікі жаль, не ўсё тое, што мне хацелася да моманту вылучэння ўдалося зрабіць, падрыхтавацца як належыць. Аб чым я шкадую. І ніякага тут іншага пачуцця акрамя шкадавання, і нават зараз на тле таго, што адбылося з кандыдатамі, у мяне няма. Таму што наступае такі момант, калі трэба браць на сябе адказнасць у любой якасці, у тым ліку і ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.
РР: А чакалі месяцы два-тры таму, што сітуацыя будзе менавіта так разгортвацца? Так жорстка?
Аляксандр Ярашук: Я неаднойчы на працягу апошняга года казаў пра тое, што лепш было б Лукашэнку не вылучацца на шосты тэрмін. Штосьці падобнае, што будзе яго чакаць, з маіх назіранняў адбывалася. Але, канешне, што абсалютна я не чакаў, што настолькі грамадства за гэты час будзе палітызавана, дзякуючы, зразумела, і тым апошнім памылкам, што нельга дараваць, якія зрабіла ўлада, у тым ліку, што датычыць пандэміі. Але я не чакаў, што людзі ўжо сёння ў масе сваёй, бальшыня насельніцтва, адхіляе Лукашэнку і не хоча яго на пазіцыі прэзідэнта. Канешне, заўважалася тое, што грамадства пачынала абуджацца, можна было казаць пра тое, што сітуацыя неяк мяняецца, але што ў такой ступені яно абудзілася і што да такой ступені яно прыйшло ў рух – напэўна мала хто з нас чакаў.
РР: А далейшыя дзеянні ўлады? Зараз яны вырашылі выкарыстаць сілавы варыянт, прэвентыўна, каб запалохаць грамадства. Што, па-вашаму, будзе праз тыдзень-два на выбарах 9 жніўня? Некаторыя палохаць нават магчымасцю расстрэлу пратэстоўцаў.
Аляксандр Ярашук: Я прынамсі не думаю, што да гэтага дойдзе. Лукашэнка насамрэч той, хто палохае, але хто найбольш палохае, той і найбольш баіцца. Канешне, ён гатовы на многае, але я не думаю, што гэта такое простае пытанне – даць каманду страляць. Па-першае. Па-другое, канешне, заклікаць да таго, каб людзі масава выходзілі зараз на плошчу, напэўна, трэба вельмі і вельмі падумаць. І такіх заклікаў не гучыць, і хутчэй за ўсё яны не будуць гучаць. Як мне падаецца, асноўныя падзеі будуць адбывацца не 9 жніўня, хаця і не выключаю, што і 9 жніўня абураны народ, які так апусцілі, можа выйсці. Але мне ўсё ж такі падаецца, што больш было б важным рабіць акцэнт на негвалтоўным супраціве. Чаму? Таму што Лукашэнка, хоча ён ці не, я гэта казаў і паўгода таму, упершыню не атрымае электаральнай перамогі. Ён будзе нелегітымны ў вачах грамадства. Ён будзе ўзурпатарам. І грамадства да яго так і будзе адносіцца. Канешне, усё гэта будзе спараджаць, як я сабе ўяўляю, тыя працэсы, якія ніколі яшчэ на Беларусі не ажыццяўляліся, не назіраліся. Гэта і ігнараванне ўлады, гэта невыкананне яе распараджэнняў, указаў, дэкрэтаў і ўсяго астатняга. І Лукашэнка, як мне падаецца, калі ён зрабіў стаўку на сілавы варыянт, брутальны варыянт, ён на гэтых штыках не зможа доўга пратрымацца. Хтосьці кажа, што ён хацеў бы на гэта напляваць. Гэта зусім іншая рэчаіснасць. Я не ведаю, напэўна можна сабе ўявіць, што такі ціск ён сам на сябе ажыццяўляе, яшчэ днём можа туды-сюды ехаць, глядзіце як ён выглядае. Чым ён закончыць? Як мне падаецца, ён дрэнна закончыць. Але хай гэта дрэннае не будзе праз кроў беларусаў. Я думаю, можа мне так хацелася б, каб адбылося, але мой прагноз такі, што ён не зможа кіраваць пасля таго, як пераназначыць сябе 9 жніўня. Колькі там яшчэ ён праіснуе ў якасці гэтага ўзурпатара ўлады – год, можа два. Я большага тэрміну чым два гады не даю. Час яго зышоў. І калі ён хоча нейкім чынам чапляцца надалей за ўладу, то гэта закончыцца трагічна, перадусім для яго самога і для яго сям’і. Для мяне гэта абсалютна відавочна.
РР: Шмат хто папярэджваў аб пагрозе з боку Крамля, што Крэмль будзе ўмешвацца ў гэтыя выбары. Прыкладам такога ўмяшальніцтва называлі тое, што быццам бы за кандыдатамі Бабарыкам і Цапкалам стаяць прарасейскія сілы.
Аляксандр Ярашук: Я напачатку, як толькі вылучыліся Бабарыка і Цапкала казаў, таму што там здагадкі розныя былі, што і ад улада спойлеры яны, і ад Расеі, – яны не ад улады, і не ад Расеі. Я кажу таму, што я гэта ведаю. Насамрэч не стаіць за імі Расея, хто б там якія канспіралагічныя версіі не высоўваў. Але насамрэч і адзін, і другі вылучаліся самастойна. Бабарыка як грамадзянін, які шчыра перажываў становішча спраў у краіне. А Цапкала, не ў малой ступені ён таксама па-свойму перажывае за лёс краіны, гэта нельга абвяргаць, але, канешне, яго моцна пакрыўдзілі тым, як з ім абышліся. Гэта самастойнае вылучэнне. І як мы бачым, яно было абсалютна нечаканым для ўлады і, як мы бачым, ужо сёння можам канстатаваць, чым закончылі і адзін, і другі. Бабарыка ў турме. Цапкалу незаконна пазбавілі галасоў, якія ён, канешне, сабраў. І што будзе надалей з гэтымі двума палітыкамі, зараз вельмі цяжка прагназаваць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота naviny.by