Аляксандр Ярашук: За ўсім гэтым стаіць толькі голы папулізм



Аляксандр Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс ЭАЭС. Кіраўнік Беларусі зрабіў гэта акурат перад паездкай у Бішкек на пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Вядома, што ўвечары 11 красавіка Лукашэнка размаўляў па тэлефоне з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Як паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта, у цэнтры ўвагі кіраўнікоў дзяржаў было „ўзаемадзеянне на інтэграцыйных пляцоўках і актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня”. Прэс-служба Крамля пра размову нічога не паведаміла.

Старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук звяртае ўвагу на тое, што нядаўнія заявы Лукашэнкі аб жорсткай эканоміі наступілі амаль адразу пасля пераможных рэляцый пра “ўсе вырашаныя пытанні” ў часе яго перамоў з Пуціным у Санкт-Пецярбургу.

– За гэтым стаіць голы папулізм, і больш нічога, і дэмагогія, на якой Лукашэнка прыходзіў да ўлады, і дзякуючы чаму да гэтага часу яшчэ застаецца. Але яму людзі ўсё менш і менш вераць… Можна параўнаць беларускую сітуацыю з польскай. На Беларусі прэзідэнт жэстачайша патрабуе ад ураду забяспечыць заробак у 1000 рублёў, то бок – у 500 даляраў. Польскі прэзідэнт абсалютна нічога не патрабуе ад ураду і заробак у іх у тры разы вышэйшы. Выснова якая? Пераняць карысны досвед і адмовіцца ад усялякіх патрабаванняў.

Як паведамлялася, 14 красавіка Лукашэнка возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Бішкеку. У той жа дзень адбудзецца нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў — чальцоў АДКБ.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя